viasna on patreon

Еўракамісар абмеркаваў з праваабаронцамі супрацоўніцтва Беларусі і ЕС

2018 2018-10-31T13:08:58+0300 2018-10-31T15:47:18+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/yokhannes-khan.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Еўракамісар Ёханэс Хан

Еўракамісар Ёханэс Хан

У сераду, 31 кастрычніка, прадстаўнікі беларускіх няўрадавых дэмакратычных і праваабарончых  арганізацый сустрэліся з Еўрапейскім камісарам па Еўрапейскай палітыцы суседства і перагавораў аб пашырэнні Еўрапейскага саюза Ёханэсам Ханам. У сустрэчы таксама прымала ўдзел афіцыйная прадстаўніца Еўрасаюза ў Беларусі Андрэа Віктарын.

Беларускія НДА і праваабарончыя арганізацыі прадставілі сябра рады ПЦ “Вясна” Валянцін Стэфановіч, дырэктарка Цэнтра прававой трансфармацыі Вольга Смалянка, старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец і кіраўнік незалежнага прафсаюза РЭП Генадзь Фядыніч.

На сустрэчы абмяркоўваліся розныя аспекты сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі ў кантэксце планаванага падпісання пагаднення аб двухбаковым супрацоўніцтве Беларусі і Еўрапейскага саюза. Прадстаўнікі грамадзянскай і праваабарончай супольнасці выказалі сваё пажаданне, каб у гэтым пагадненні таксама была адлюстравана праблематыка правоў чалавека, а не толькі эканамічных і іншых стасункаў.

Валянцін Стэфановіч адзначыў, што, як і раней, сітуацыя ў галіне правоў чалавека характарызуецца адсутнасцю нейкіх пазітыўных сістэмных зменаў. У Беларусі дагэтуль існуюць сферы, у якіх у прынцыпе не назіраецца ніякага прагрэсу.

“Ніякіх сігналаў з боку ўлады да паляпшэння ў гэтых сферах мы не бачым. Найперш гэта тычыцца змены выбарчага заканадаўства, а таксама імплементацыі рэкамендацый АБСЕ, якія былі зроблены па выніках апошняй міссі назірання за выбарамі ў Беларусі”, — адзначыў праваабаронца “Вясны”.

Валянцін Стэфановіч звярнуў увагу на працу міжведамаснай групы, якая была створана яшчэ ў 2016 годзе, але вынікаў яе працы не назіраецца дагэтуль. Праваабарончая супольнасць Беларусі накіроўвала туды свае прапановы па зменах выбарчага заканадаўства. Нават прадстаўнік кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары”, старшыня Беларускага Хельсінскага камітэта Алег Гулак асабіста прадстаўляў іх на паседжанні міжведамаснай групы. Але пасля падзей вясны 2017 года пра яе працу нічога невядома.

Мяркуючы па інфармацыі, прадастаўленай спецпрадстаўніку Парламенцкай асамблеі АБСЕ Кенту Харстэду старшынёй ЦВК і прэзідэнтам Беларусі падчас сустрэчы ў Мінску, імплементацыя рэкамендацый АБСЕ і змены ў выбарчае заканадаўства не плануюцца.

“Такім чынам, прэзідэнцкія і парламенцкія выбары 2020 года будуць адбывацца ў тых прававых рамках, якія на сёння мы маем. Яны ўжо шмат разоў былі раскрытыкаваныя і прадстаўнікамі АБСЕ, і праваабаронцамі. Відавочна, некаторыя выбарчыя працэдуры патрабуюць неадкладнага рэфармавання”, — зрабіў высновы Валянцін Стэфановіч.

Спадар Хан паведаміў прадстаўнікам грамадзянскай і праваабарончай супольнасці, што падчас сустрэчы з прадстаўнікамі выбарчай камісіі Беларусі Лідзія Ярмошына чарговы раз заявіла, што змены ў выбарчы кодэкс магчымы толькі пасля зменаў у Канстытуцыю.

“Гэта досыць дзіўная пазіцыя, таму што мы не гаворым увогуле пра змены выбарчай сістэмы. Ды гэта і не ўваходзіць у спіс рэкамендацый БДІПЧ АБСЕ. Некаторыя рэкамендацыі тычацца канкрэтных пытанняў выбарчых працэдур, у прыватнасці падліку галасоў. Натуральна, што для таго, каб іх імплементаваць, ніякіх зменаў у Канстытуцыю не патрэбна”, — каментуе пазіцыю выбарчай камісіі Валянцін Стэфановіч.

Падчас сустрэчы была закранута тэма адсутнасці прагрэсу па адмене і ўвядзенне мараторыя на смяротнае пакаранне. Праваабаронцы адзначылі, што ўлады дагэтуль спасылаюцца на негатоўнасць грамадства, хоць у Беларусі не праводзяцца ніякай працы па гэтаму пытанню. У кантэксце планавага падпісання пагаднення гэтая тэма паўстае асабліва востра, бо, як вядома, Еўропа з’яўляецца вольнай ад смяротнага пакарання. Сітуацыя са смяротным пакаранні ў Беларусі супярэчыць еўрапейскім каштоўнасцям.

Вольга Смалянка, дырэктарка Цэнтра прававой трансфармацыі, адзначыла хібы заканадаўства, рэгулюючага дзейнасць грамадскіх арганізацый у Беларусі. Праваабаронцы таксама закранулі праблемы зменаў у заканадаўства ў Закон "Аб масавых мерапрыемствах", і планаваную дэкрыміналізацыю дзейнасці ад імя незарэгістраваных арганізацый, замяняючы яе адміністрацыйнай адказнасцю.

Старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец звярнуў увагу на праблемы дзейнасці сродкаў масавай інфармацыі, а таксама на сістэмны пераслед журналістаў, якія працуюць у Беларусі без акрэдытацыі. На сустрэчы былі абмеркаваны новыя змены ў закона “Аб сродках масавай інфармацыі”.

На сустрэчы была закранута тэму крымінальнага пераследу супраць лідараў незалежнага прафсаюза РЭП. Генадзь Фядыніч нагадаў пра дату разгляду апеляцыі Мінгарсудом, якая адбудзецца 9 лістапада.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства