viasna on patreon

Прымусовая праца = узаемавыгаднае супрацоўніцтва?

2018 2018-10-23T17:32:20+0300 2018-10-23T17:32:19+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/prymus_voronovo.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Фота з сайта voran.by

Фота з сайта voran.by

На сайце "Воранаўскай газеты" у святочным стылі размещаны артыкул аб прыцягненні працаўнікоў розных прадпрыемстваў да ўборкі ўраджаю на палях саўгаса "Воранаўскі".

Карэспандэнты газеты нават выязджаюць на палі, каб зафіксаваць "шчаслівых памочнікаў".

Так, у артыкуле ўказваецца, што "нядрэнным тэмпам уборачных работ прадпрыемства шмат у чым абавязанае не толькі сваім работнікам, але і дапамогі працоўных калектываў іншых арганізацый".

На бульбяным полі працавала 90 чалавек.

"У добрым настроі збіралі клубні работнікі РУП ЖКГ, Пераганцаўскага цэнтра культуры, тэхперсанал Воранаўскай сярэдняй школы, спецыялісты, палеводы і работнікі складоў гаспадаркі, супрацоўнікі Тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Бліжэй да абеду далучыліся і работнікі Пераганцаўскай школы", - адзначаецца ў публікацыі.

Людзі капалі бульбу два дні на тыдзень на працягу месяца, пры гэтым дырэктар Цэнтра сацабслугоўвання Антаніна Эйсмант падкрэсліла, што супрацоўніцтва з саўгасам "Воранаўскі" наладжана цеснае, узаемавыгаднае. Толькі ў чым выгада работнікаў? 

Праваабаронцы "Вясны" ў чарговы раз адзначаюць, што сельгасработы, на якія накіроўваюцца работнікі іншых прадпрыемстваў, ёсць нішто іншае як прымусовая праца. Як правіла, райвыканкамы выдаюць незаконныя распараджэнні аб накіраванні людзей на дапамогу ва ўборцы ўраджаю, якія прама парушаюць працоўнае заканадаўства Рэспублікі Беларусь і міжнародныя дамовы, ратыфікаваныя нашай краінай.

Так, арт. 20 Працоўнага кодэкса Рэспублікі Беларусь забараняе наймальніку патрабаваць ад работніка выканання працы, не абумоўленай працоўным дагаворам, за выключэннем выпадкаў, прадугледжаных заканадаўчымі актамі. Дадзеныя выпадкі пералічаныя ў арт. 33 Працоўнага кодэкса, і штогадовыя сезонныя працы па ўборцы гародніны такімі не з'яўляюцца. Атрымліваецца, што законных падстаў для накіравання работнікаў для ажыццяўлення гэтых работ у кіраўніцтва пералічаных прадпрыемстваў не мелася.

Таксама, прымусовая праца забараняецца і арт. 13 Працоўнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, у адпаведнасці з п. 2 ч. 2 якога прымусовай працай, акрамя іншага, з'яўляецца праца ў якасці метаду мабілізацыі і выкарыстання працоўнай сілы ў мэтах эканамічнага развіцця.

Больш за тое, прымусовая праца забароненая арт. 8 Міжнароднага Пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, арт. 6 Міжнароднага Пакта аб эканамічных, сацыяльных і культурных правах, а таксама нормамі Канвенцыі МАП адносна забароны прымусовай працы (Канвенцыя № 29).

Валянцін Стэфановіч накіраваў чарговую заяву па факце прымусовай працы, на гэты раз у Пракуратуру Воранаўскага раёна. У ёй праваабаронца просіць правесці пракурорскую праверку па фактах парушэння дзеючага заканадаўства, дапушчаных кіраўніцтвам указаных у публікацыі прадпрыемстваў пры накіраванні работнікаў на выкананне сельгаспрацаў, якія не абумоўленых ўмовамі працоўнага дагавора ў іншага наймальніка, правесці з імі, а таксама службовымі асобамі Воранаўскага райвыканкама прафілактычную размову і давесці да іх ведама нормы дзеючага працоўнага і іншага заканадаўства ў мэтах недапушчэння падобных парушэнняў законнасці ў будучыні.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства