viasna on patreon

Пятрухін і Кабанаў атрымалі па пяць сутак за ўдзел у мітынгу “Не – заводу АКБ!” Дапоўнена

2018 2018-10-16T15:00:00+0300 2018-10-17T07:39:02+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/piatruhin_kabanau1610.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Аляксандр Кабанаў і Сяргей Пятрухін каля будынку Ленінскага суда. 16.10.2018. Фота ПЦ "Вясна"

Аляксандр Кабанаў і Сяргей Пятрухін каля будынку Ленінскага суда. 16.10.2018. Фота ПЦ "Вясна"

У Берасці 16 кастрычніка працягваюцца суды над удзельнікамі мітынгу супраць будаўніцтва акумулятарнага завода. Улады хваравіта адрэагавалі на нядзельны пратэст, калі на плошчу Леніна абласнога цэнтра выйшла каля 120 чалавек. У выніку 14 з іх былі затрыманыя. Пазней з РАУСа адпусцілі траіх непаўнагадовых.

Суд Ленінскага раёна разглядае адміністрацыйныя справы Сяргея Пятрухіна, Аляксандра Кабанава і Алега Валева, якія хадайнічалі ўчора аб заключэнні дамоваў з адвакатам. Яны абвінавачваюцца ў парушэнні артыкула 23.34 КаАП (арганізацыі ці ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве). 

Судовае паседжанне распачалося ў 14-30. Суддзя Святаслаў Каліна адразу забараніў фота і відэа. 

Блогера абвінавачваюць у тым, што ён у нядзелю "разгарнуў банэр на плошчы Леніна і выступіў перад грамадзянамі". Сам Аляксандр Кабанаў не адмаўляў свой удзел у нядзельным мітынгу. На паседжанні выступіў сведка-міліцыянт Павел Ружынскі.

У выніку суддзя прысудзіў блогера Аляксандру Кабанаву да пяці сутак арышту за парушэнне артыкула 23.34 КаАП. Аналагічнае рашэнне было прынята суддзёй Дзмітрыем Шурыным у дачыненні да блогера Сяргея Пятрухіна.

На паседжанне абодва блогеры прыйшлі з рэчамі, бо былі гатовыя да такога развіцця падзей. Аднак пасля суда міліцыянты іх не затрымалі, тлумачачы гэта тым, што нібыта ў іх на руках няма адпаведнай пастановы. 

"Я мяркую, іх возьмуць пад варту напярэдадні наступнай нядзелі, каб не ўдзельнічалі ў новым мерапрыемстве супраць завода АКБ", - падзяліўся сваім меркаваннем праваабаронца Уладзімір Вялічкін.

Акрамя таго, перад пачаткам судовага паседжання абодва блогеры атрымалі новыя позвы на 19 кастрычніка. Іх просяць прыйсці ў РАУС Ленінскага раёна Брэста ў якасці асобаў, у дачыненні да якіх вядзецца адміністрацыйны працэс. 

Суд над Алегам Валевым мусіць распачацца ў 16.00. Згодна з пстановай яго пакаралі штрафам у памеры 10 базавых велічынь.

Яшчэ адзін з затрыманых пасля акцыі 14 кастрычніка, праваабаронца Раман Кісляк патрапіў з ізалятара часовага ўтрымання ў шпіталь па прычыне высокага ціску. Суд над ім перанесены на 18 кастрычніка.

Агулам учора суд Ленінскага раёна Берасця разгледзеў 7 адміністрацыйных спраў: 6 удзельнікаў мітынгу атрымалі штрафы, а ў дачыненні да палітыка Міколы Статкевіча прымянілі адміністрацыйны арышт на 5 сутак.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства