Пятрухіна і Астапука аштрафавалі за "кармленне галубоў" Дапоўнена
Чацвёртага кастрычніка ў судзе Ленінскага раёна Берасця працягнуўся разгляд адміністрацыйных спраў блогера Сяргея Пятрухіна і актывіста Канстанціна Астапука, якія былі затрыманы 30 верасня пасля нядзельнай акцыі супраць будаўніцтва акумулятарнага завода.
У 10.30 распачалося паседжанне па справе Сярея Пятрухіна. На яго складзены пратакол па ч.3 арт 23.34. КаАП (удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве).
Суддзя Аляксандр Семянчук забараніў весці фота і відэазапіс.
З матэрыялаў справы, якія на пачатку паседжання зачытаў суддзя, вынікае, што Пятрухін у публічным месцы нібыта правёў пікетаванні супраць будовы завода АКБ.
Сяргей Пятрухін распавёў, як яго затрымлівалі 30 верасня. Ён лічыць, што і яго, і Астапука затрымалі за іх майкі з надпісамі супраць будаўніцтва шкоднага завода.
Затым быў дапытаны сведка-міліцыянт Буката. Ён сцвярджаў, што Пятрухін нібыта раздаваў майкі на плошчы іншым грамадзянам. Аднак прагледжаны пазней у залі суда відэазапіс з акцыі не пацвердзіў яго словы - на ім не бачна, як Пятрухін раздае майкі.
Сведкамі з боку Пятрухіна выступілі Зміцер Бекалюк і Андрэй Куліковіч. Яны пацвердзілі тое, што той майкі не раздаваў, лозунгі не агучваў, а пры затрыманні не супраціўляўся.
У выніку суддзя прымае рашэнне пакараць блогера штрафам у памеры 45 базавых велічынь.
У 11.30 распачалося паседжанне па справе Канстанціна Астапука. Яго таксама абвінавачваюць у парушэнні артыкула 23.34 КаАП(частка 1). Суддзя - Святаслаў Каліна.
На інфармацыйным табло ў судзе адсутнічала інфармацыя пра адміністрацыйную справу Астапука, таму жадаючыя падтрымаць Канстанціна не змаглі трапіць на паседжанне.
Вынік суда стаў вядомы, толькі калі Аступук выйшаў з судовай залі: 14 базавых велічынь. Акрамя гэтага, прама на выхадхе з залі актывісту ўручылі новую позву. Астапук мусіць прыйсці пятага кастрычніка ў РАУС Ленінскага раёна Брэста ў якасці асобы, у дачыненні да якой распачаты адміністрацыйны працэс. Верагодна гаворка ідзе пра непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі, то бок пра артыкул 23.4 КаАП.
Пазней праваабаронцу Уладзіміру Вялічкіну стала вядома, што Астапук таксама атрымаў штраф у 3 базавыя велічыні за парушэнне ПДР - за тое, што выбег на праезную частку, калі за ім гналіся супрацоўнікі міліцыі.
Нагадаем, Сяргей Пятрухін і Канстанцін Астапук былі затрыманыя ў нядзелю 30 верасня пасля заканчэння акцыі супраць будаўніцтва ў горадзе акумулятарнага завода. Яны былі змешчаны ў ізалятар часовага ўтрымання да першага судовага паседжання, якое адбылося ў панядзелак. На судзе Канстанцін Астапук папрасіў час для азнаямлення са справай, а Сяргей Пятрухін запатрабаваў адваката. Таму абодва суды былі перанесеныя на чацвёртага кастрычніка.