Суд над светлагорскай праваабаронцай перанеслі на нявызначаны тэрмін
Суд над светлагорскай праваабаронцай Аленай Маслюковай, які першапачаткова быў перанесены на 3 кастрычніка, у гэты дзень не адбудзецца.
Пра гэта ў на сваёй старонцы ў фэйсбуку напісала праваабаронца.
“Суд Светлагорскага раёна паведамляе, што справа аб адміністрацыйным правапарушэнні ў дачыненні да Вас вернута ў Светлагорскі РАУС для ліквідацыі недахопаў і да цяперашняга часу не вярталася. Дадаткова паведамляем, што слуханне справы прызначанае на 3 кастрычніка не адбудзецца. Суддзя Царук Р.В”
Суд над Аленай Маслюковай і экалагічным актывістам Анатолем Змітровічам распачаўся 24 верасня. Іх звінавацілі ва ўдзеле ў флэшмобе супраць дзейнасці завода беленай цэлюлозы 15 верасня, палічыўшы што гэта несанкцыянаванае масавае мерапрыемства.
Пад час працэсу суддзя Царук нечакана вырашыў выклікаць у суд сведак і перанёс паседжанне на 3 кастрычніка.
Нагадаем, 1 кастрычніка Абсерваторыя па абароне праваабаронцаў распаўсюдзіла тэрміновы зварот, у якім заклікае зняць усе абвінавачванні супраць светлагорскіх актывістаў.