viasna on patreon

Беларускі праваабаронца пра правы чалавека ў Крыме: сітуацыя катастрафічная Аўдыё

2018 2018-09-21T15:14:43+0300 2018-09-21T15:20:04+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/misija_krym.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончая місія сеткі Дамоў правоў чалавека ў Крыме. Алег Мацкевіч - другі злева ўверсе. Фота з Facebook Tetiana Pechonchyk

Праваабарончая місія сеткі Дамоў правоў чалавека ў Крыме. Алег Мацкевіч - другі злева ўверсе. Фота з Facebook Tetiana Pechonchyk

З 14 па 18 верасня ў анэксаваным Крыме пабывала праваабарончая місія міжнароднай сеткі Дамоў правоў чалавека, у якую ўвайшлі прадстаўнікі Беларусі, Украіны, Казахстана і Азербайджана. У місіі ўдзельнічаў і сябра Праваабарончага цэнтру “Вясна” з Барысава Алег Мацкевіч. Па вяртанні ў Беларусь ён распавёў ПЦ “Вясна” пра сутнасць місіі і пра свае асабістыя ўражанні ад паездкі.

Асноўнай мэтай місіі была дакументацыя сітуацыі з правамі чалавека на паўвостраве. У фокусе даследвання былі права на свабоду выказвання меркавання, права на мірныя сходы і на асацыяцыі, а таксама права займацца праваабарончай дзейнасцю. Акрамя гэтага, праваабаронцы фіксавалі асобныя парушэнні, пра якіх распавядалі рэспандэнты падчас інтэрв’ю.

“Мы працавалі ў некалькіх групах і ў складзе іх ездзілі па розных гарадах паўвострава. Агулам мы правялі каля 20 сустрэчаў з ахвярамі пераследу. Быў загадзя падрыхтаваня спіс тых асобаў, якія пераследуюцца ў крымінальным ці адміністрацыйным парадку за свае перакананні і актывізм. І гэта былі самыя розныя людзі з самымі рознымі поглядамі на сітуацыю ў Крыме: і тыя, хто жыў  там да 2014 года, і тыя, хто прыехаў ужо пасля. Мы сустракаліся з гэтымі людзьмі, задавалі ім розныя пытанні і запаўнялі адмысловыя анкеты”, - распавядае Алег Мацкевіч.

Пра афіцыйныя высновы самой місіі казаць пакуль рана. У хуткім часе будзе апублікаваны спецыяльны даклад сеткі Дамоў правоў чалавека, у якім гэтыя высновы будуць утрымлівацца. Але пакуль Алег Мацкевіч можа падзяліцца сваімі ўражаннямі.

“Сітуацыя з правамі чалавека ў Крыме пасля 2014 года рэзка пагоршылася, і гэта прызнаюць ўсе тыя людзі, якіх мы апытвалі (улічваючы, што іх палітычныя погляды даволі розныя). Зараз ідзе пераслед абсалютна па ўсіх тых паказчыках, якія мы разглядалі.

Так, за свабоду выказванняў людзі пераследуюцца вельмі жорстка. Калі, напрыклад, чалавек кажа, што Крым – гэта Україна, то гэта адназначна турэмнае зняволенне. Людзі пераследуюцца за рэалізацыю права на мірныя сходы, калі выходзяць на адзіночныя пікеты ці праводзяць яшчэ нейкія акцыі. Людзей караюць і за тое, што спрабуюць стварыць новыя асацыяцыі, а таксама за прыналежнасць да розных нібыта тэрарыстычных арганізацый. Як прыклад – пераслед сябраў арганізацыі Хізб ут-Тахрыр, прызнанай у Расіі тэрарыстычнай на неабгрунтаваных падставах”, - працягвае барысаўскі праваабаронца.

Досыць шырока, паводле Мацкевіча, выкарыстоўваецца антыэкстрымісцкае і крымінальнае заканадаўства, якое тычыцца распальвання варожасці на нацыянальнай ці расавай глебе. Вялікая колькасць спраў узбуджаецца менавіта па гэтых артыкулах.

“Людзі сядзяць у турмах па надуманых справах, многія з іх трымаюць галадоўку. На мой погляд, сітуацыя катастрафічная. Я параўноўваю яе з сітуацыяй у Беларусі, з краіне, якую нельга лічыць свабоднай, і тое, што бачу ў Крыме, – гэта проста бясчынства. Там існуе дыферэнцыраваны падыход як да прымянення свайго заканадаўства, так і да людзей, якія церпяць пераслед. Ва многіх выпадках закон проста не дзейнічае, і гэта мы яскрава бачылі ў тых справах, якія нам паказвалі. У іх настолькі грубыя і абсурдныя працэсуальныя парушэнні, што мне, шчыра кажучы, хочацца схапіцца за галаву. І хоць у Беларусі таксама дастаткова самых розных парушэнняў, мне складана ўявіць, каб у нас яны набылі такія маштабы”, - рэзюмаваў Алег Мацкевіч.


Пра асобныя выпадкі пераследу праз асабістыя меркаванні і актывізм на Крымскім паўвостраве слухайце ў аўдыёкаментары Алега Мацкевіча.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства