Наступствы светлагорскага флэшмобу - затрыманні і пратаколы Дапоўнена
20 верасня праваабаронцу са Светлагорска Алену Маслюкову выклікалі ў мясцовы РАУС у якасці асобы, у дачыненні да якой вядзецца адміністрацыйны працэс па артыкуле 23.34 КаАП (удзел ці арганізацыя несанкцыянаванага масавага мерапрыемства).
Прычына такой цікавасці праваахоўных органаў да праваабаронцы – нібыта яе ўдзел у мерапрыемстве супраць працы ў горадзе завода па вытворчасці беленай цэлюлозы, якое адбылося ў суботу 15 верасня. І хоць улады на гэты дзень запланавалі іншае мерапрыемства, людзі ўсё роўна сабраліся на цэнтральнай плошчы і правялі запланаваны флэшмоб супраць смярдзючых выкідаў з кітайскага заводу.
У РАУС міліцыянт Дзмітрый Шпак склаў на Алену Маслюкову пратакол па ч 1. артыкула 23.34 – за тое, што яна “ўдзельнічала ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве (флэшмобе)”. Праваабаронца з пратаколам не пагадзілася, бо лічыць, што флэшмоб не з’яўляецца масавым мерапрыемствам, а яе прысутнасць на плошчы не мусіць аўтаматычна трактавацца як яе ўдзел у ім.
Акрамя гэтага, у міліцыі праваабаронца даведалася, што пасля флэшмобу міліцыянты затрымалі трох хлопцаў, адзін з якіх быў непоўнагадовы.
“Іх не затрымлівалі на плошчы. Вядома, што гэта адбылося праз некаторы час пасля заканчэння флэшмобу. Хлопцы пайшлі на набярэжную, дзе разгарнулі бел-чырвона-белы сцяг і пачалі з ім фатаграфавацца. Гэта заўважылі міліцыянты і пайшлі да іх. Хлопцы спрабавалі збегчы, і калі міліцыянты дагналі іх, то склалі пратаколы за непадпарадкаванне службовым асобам (па атрыкуле 23.4 КаАП). Непоўнагадовага адпусцілі адразу пасля складання пратакола, а дваіх поўнагадовых пакінулі ў ізалятары да панядзелка”, - распавяла Алена Маслюкова ПЦ "Вясна" пасля пахода ў РАУС.
Нагадаем, што напярэдадні мерапрыемства Алену Маслюкову выклікаў на размову пракурор раёна А. Яўсеенка і папярэдзіў аб адказнасці за парушэнне заканадаўства аб масавых мерапрыемствах, палічыўшы, што Маслюкова можа быць арганізатарам несанкцыянаванага масавага мерапрыемства.
Акрамя Алены позву ў светлагорскую міліцыю паводле артыкулу за несанкцыянаваны мітынг атрымаў грамадзкі актывіст Анатоль Змітровіч. На яго таксама быў складзены пратакол па артыкуле 23.34 КаАП.