viasna on patreon

На абаронцу Курапатаў склалі пратакол за плакат «Гэць рэстаран КДБ»

2018 2018-09-19T08:42:02+0300 2018-09-19T08:42:02+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/baginskaja-kurapaty.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Ніна Багінская ў Курапатах. Фота: Радыё Свабода.

Ніна Багінская ў Курапатах. Фота: Радыё Свабода.

На грамадскую актывістку Ніну Багінскую супрацоўнікі міліцыі склалі пратакол пасля таго, як 18 верасня пенсіянерка выйшла да рэстарацыі «Поедем поедим» з плакатам «Гэць рэстаран КДБ». Пра гэта паведаміла Радыё Свабода

«Як толькі яна прыйшла з гэтым плакатам, адразу з'явіліся міліцыянты. Спачатку ўзялі тлумачэнні, а пасля наступны этап — складанне пратаколу. Спадарыня Ніна заявіла міліцыянтам, што гэта яе пазіцыя: яна мяркуе, што КДБ датычнае да гэтай рэстарацыі, паколькі тая дагэтуль не закрылася. Але пасля афармлення папераў нікога не затрымалі, міліцыянты з'ехалі», — сказаў Свабодзе адзін з пікетоўцаў, бард Зміцер Захарэвіч.

Іншай навіной ад Змітра Захарэвіча стала тое, што на ўзвышшы, якое людзі назвалі Галгофай, назіраецца актыўнасць.

«Будаўнікі заварушыліся, забілі ў зямлю калкі, якімі пазначылі месца помніка, які будуць усталёўваць ад імя дзяржавы. Я адмыслова падышоў і запытаў, што яны робяць. Дык тыя пацвердзілі, што пачалі падрыхтоўку да ўстаноўкі знаку. Калі маюць ставіць сам помнік, не сказалі», — паведаміў Зміцер Захарэвіч.

У чэрвені стала вядома, што Міністэрства культуры ўхваліла адзін з праектаў мэмарыяльнага знаку «прымірэння і смутку», які дзяржава збіраецца ўсталяваць у Курапатах. Пазней праект быў скрытыкаваны прадстаўнікамі грамадскасці, у тым ліку актывістамі, якія цяпер бароняць Курапаты. Таксама супраць усталявання мемарыяльнага знаку выступіў адкрывальнік Курапатаў, лідэр КХП-БНФ Зянон Пазняк.

«Іх план — улезці з бетоннымі канструкцыямі ў Курапаты і знішчыць мемарыял. Не трэба туды лезці. Іхнія праекты паказваюць, што нічога там быць ня можа. Гэта як для каровы сядло», — лічыць Зянон Пазняк.

Паводле "Новага Часу".

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства