У Магілёве прэзентуюць выставу “Лісты палітвязняў” з удзелам Алеся Бяляцкага і Яўгена Васьковіча
Выстава “Лісты палітвязняў: ад 1996 году да нашых дзён” і сустрэча з былымі палітвязнямі Алесем Бяляцкім ды Яўгенам Васьковічам адбудзецца 18 верасня ў грамадскім цэнтры “Кола”, піша mspring.online.
Выстава складаецца з адзінаццаці стэндаў. На іх – лісты палітычных вязняў з-за кратаў, допісы ў падтрымку палітвязняў, матэрыялы бюлетэня праваабарончага цэнтру “Вясна” “Права на Волю” і архіўныя фотаздымкі.
Па словах укладальніцы выставы Паліны Сцепаненкі, “гэта першы ў гісторыі краіны вопыт сістэматызацыі і архівізацыі лістоў палітвязняў Беларусі”:
"За 22 гады ў людзей сабралася шмат лістоў, але падчас працы высвятлілася, што іх хутчэй трэба збіраць, таму што яны губляюцца. Нават цяпер былыя палітвязні іх доўга шукалі, бо многія проста пакінулі іх ў калоніі. Толькі Алесь Бяляцкі рабіў спецыяльныя пасылкі і дасылаў іх дахаты," – распавядала Сцепаненка падчас прэзентацыі выставы ў Бабруйску.
З 1996 года, па звестках праваабарончых арганізацыяў, праз крымінальны пераслед за палітычныя перакананні ў Беларусі ў зняволенне трапілі больш за 200 чалавек. На стэндах ёсць лісты за ўсе гэтыя гады – ад самага першага беларускага палітвязня Славаміра Адамовіча і да цяперашніх палітвязняў Зміцера Паліенкі і Міхаіла Жамчужнага.
Па выставе добра адсочваць увесь спектр парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі за 22 гады.“Лісты палітвязняў: ад 1996 году да нашых дзён” нагадвае, што ў нашай краіне ідэалагічнае выкарыстанне гісторыі і распаўсюд уяўленняў пра мінулае застаюцца вострай праблемай.
Выстава падрыхтаваная “Цэнтрам даследванняў грамадзянскай супольнасці Беларусі”.
ШТО: Выстава “Лісты палітвязняў: ад 1996 году да нашых дзён”.
ДЗЕ: Грамадскі цэнтр “Кола”, зав. Чкалава, 16.
КАЛІ: адкрыццё 18 верасня а 18:00 з удзелам Алеся Бяляцкага і Яўгена Васьковіча.