viasna on patreon

Спыніць заганную наканаванасць Фота Дапоўнена

2018 2018-09-11T10:30:00+0300 2018-09-11T13:33:34+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/paraleli-retshyca-2.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Абмеркаванне дакументальнага фільма Віктара Корзуна ў Рэчыцы

Абмеркаванне дакументальнага фільма Віктара Корзуна ў Рэчыцы

Прагляд дакументальнага фільма рэжысёра Віктара Корзуна выклікаў ажыўленае абмеркаванне сярод тых, хто прыйшоў на імпрэзу, што прайшла ў горадзе на Дняпры пры падтрымца ПЦ “Вясна”. Ці магчыма пазбавіцца таталітарнай спіралі, у чарговыя віткі якой увесь час трапляе наш народ?

Прэзентаваць свой фільм у Рэчыцу прыехаў сам рэжысёр Віктар Корзун, а таксама прадусарка, вядомая спявачка Кася Камоцкая. Стужка пабудаваная на матэрыялах двух інтэрв’ю, якія запісваліся крыху з іншымі мэтамі, але натхнілі аўтара на менавіта на паралелі паміж стагоддзямі.

Сярэдзіна ХХ стагоддзя, ваколіцы Глыбокага, маладзёны – навучэнцы педагагічнай вучэльні, усяго толькі хацелі вучыцца на сваёй роднай мове. Але трапляюць у кіпцюры КДБ і на доўгія гады выпраўляюцца на расійскую Поўнач валіць лес. Як так сталася распавядае ўдзельніца Саюзу Беларускіх патрыётаў Марыя Бялевіч, што сярод іншых была рэпрэсаваная савецкай карнай машынай. Гэта адна сюжэтная лінія фільма. Іншая – пра 2010 год, Аляксандра, валанторка перадвыбарчага штабу кандыдата на прэзідэнта Уладзіміра Някляева, проста прыйшла на мінскую плошчу, каб выказаць сваю нязгоду з фальсіфікацыяй прэзідэнцкіх выбараў, але на 10 содняў апынулася ў вязніцы на Акрэсціна.

 Гэтыя падзеі падзяляе больш як паўстагоддзя. Але паралелі паміж імі настолькі відавочныя, што часам у фільме кадры хронікі адных часоў ілюструюць закадравыя аповяды пра часы іншыя. У 2010-м дзяўчат не выпраўлялі на лесапавал. Адрозненні ёсць, але ад падабенства робіцца вусцішна.

 Абмеркаванне дакументальнага фільма Віктара Корзуна ў Рэчыцы

Кася Камоцкая задала рэчычанам пытанне, як жа пераадолець гэтае ўвесьчаснае паўтарэнне таталітарных карных эпох? Адзінае, што прапанавала аўдыторыя – патрэбна ўсеагульнае грамадскае асуджэнне таталітарызму ўвогуле і камунізму ў прыватнасці. Гэтак жа, як ва ўсім свеце асудзілі таталітарныя фашысцкія і нацысцкія рэжымы, мусіць быць асуджаны і таталітарны камуністычны лад. А ў нашай краіне ўлады дагэтуль падтрымліваюць меркаванне пра тое, што перыяд сталінскага тэрору – гэта адна з гераічных старонак нашай гісторыі і цурацца яе не варта. А ў нашых усходніх суседзяў яшчэ і помнікі Сталіну ставяць ды наноў яго ўзвялічваюць. І вось гэта страшна.

Абмеркаванне дакументальнага фільма Віктара Корзуна ў Рэчыцы

Закранулі рэчыцкія гледачы і тэму ўсеагульнага страху. Тое, што ў нас і сёння многія баяцца не толькі прадпрымаць нейкія актыўныя дзеянні дзеля зменаў, але нават проста выказвацца – адзін са складнікаў таго, што тыя, хто душыць чалавечыя свабоды, адчувае сябе на кані. І з гэтым таксама трэба нешта рабіць. Але пытанне “што?” – так і засталося падчас дыскусіі без адказу. Магчыма падобныя фільмы – праўдзівы паказ таго, як таталітарныя рэжымы трушчаць чалавечую свабоду і саму асобу, стануць унёскам у спыненне гэтай заганнай наканаванасці.

Абмеркаванне дакументальнага фільма Віктара Корзуна ў Рэчыцы
Віктар Корзун

 Напрыканцы сустрэчы рэчыцкія гледачы вельмі цёпла віталі невялікі канцэрт Касі Камоцкай. Некалькі патрыятычных песень, выкананых спявачкай, таксама прымусілі аўдыторыю задумацца пра лёс нашай краіны. А сама імпрэза, што адбылася ў вельмі сімвалічны дзень – 8 верасня, у Дзень беларускай вайсковай славы, дала надзею на тое, што народ Беларусі і сапраўды дачакаецца таго залацістага яснага дня, пра які стагоддзе таму марыў наш славуты класік Максім Багдановіч.

Андрусь Гаёвы, г. Рэчыца.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства