8 верасня — Міжнародны дзень салідарнасці журналістаў. Далучайся да акцыі!
Беларуская асацыяцыя журналістаў выказвае салідарнасць з калегамі, якія зазнаюць пераслед, і заклікае да салідарнасці ўсіх, хто падзяляе каштоўнасці праўдзівай і бесстаронняй журналістыкі.
Заява ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў”
8 верасня ва ўсім свеце адзначаецца Міжнародны дзень салідарнасці журналістаў.
У гэтым годзе ўлады працягваюць пераследваць журналістаў недзяржаўных медыя. Пікам пераследу стала завядзенне Следчым камітэтам так званай “справы БелТА”.
Падазраванымі па крымінальнай справе праходзяць васьмёра нашых калег: Паўлюк Быкоўскі (Deutsche Welle), Дзмітрый Бобрык (TUT.BY), Марына Золатава (TUT.BY), Ганна Калтыгіна (TUT.BY), Таццяна Каравянкова (БелаПАН), Ірына Леўшына (БелаПАН), Галіна Уласік (TUT.BY), Ганна Ярмачонак (TUT.BY).
У жніўні журналісты перажылі вобшукі ў офісах і кватэрах, канфіскацыю тэхнікі, неапраўданае затрыманне, знаходжанне за кратамі, а цяпер і забарону на выезд з Беларусі. Праз ператрусы і допыты прайшлі многія іншыя супрацоўнікі медыя.
Таксама сёлета ўлады Беларусі зладзілі рэкордны судовы пераслед журналістаў, якія супрацоўнічаюць з тэлеканалам “Белсат” і “Беларускім Радыё Рацыя”. Беларускіх журналістаў, якім Канстытуцыя гарантуе права на свабодны збор, захаванне і распаўсюд інфармацыі, толькі ў гэтым годзе больш за 70 разоў судзілі за супрацоўніцтва з замежнымі СМІ і аштрафавалі на агульную суму больш за 60 тысяч рублёў.
Нягледзячы на гэта, менавіта недзяржаўныя медыя застаюцца ў Беларусі крыніцай дакладнай, хуткай і праверанай інфармацыі. Журналісты недзяржаўных медыя ўзнімаюць найбольш вострыя сацыяльныя праблемы, пра якія не пачуеш у дзяржаўнай прэсе.
Таму сёння ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” выказвае салідарнасць з калегамі.
Мы заклікаем далучыцца да салідарнасці з медыя грамадзянскую супольнасць, палітычныя партыі, прафесійныя саюзы, міжнародную супольнасць, калег і ўсіх грамадзянаў, якія падзяляюць каштоўнасці праўдзівай і бесстаронняй журналістыкі.
У салідарнасці — наша сіла!
У гэтыя дні мы заклікаем калег дзяліцца гісторыямі пра журналісцкую салідарнасць у сацсетках з агульным хэштэгам #у_салідарнасці_сіла і выказваць салідарнасць з пераследаванымі калегамі!