viasna on patreon

Блогера Павука аштрафавалі за сюжэт на “Белсаце”, у якім ён быў галоўным героем

2018 2018-08-23T13:57:31+0300 2018-08-23T14:18:46+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/pauk-andrej.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Андрэй Павук. Фота: Радыё Свабода.

Андрэй Павук. Фота: Радыё Свабода.

Старшыня Акцябрскага раённага суда Людзміла Гармаш пакарала 23 жніўня мясцовага блогера Андрэя Павука адміністрацыйным штрафам у памеры 735 рублёў за выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ без акрэдытацыі для спадарожнікавага тэлеканала “Белсат” — паводле часткі 2, артыкула 22.9 КаАП. Пра гэта паведамляе Служба маніторынгу ГА "БАЖ".

Падставай стаўся сюжэт “Блогеру пагражаюць судом за майку з надпісам "Яны любяць цябе", паказаны 8 ліпеня на згаданым тэлеканале.

Лічу гэта помстай чыноўнікаў мне за майку, — сказаў “БАЖ” Андрэй Павук. — Не атрымалася пакараць мяне за абразу, дык аштрафавалі  за незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ".

Гісторыя з майкай, на якой змешчаныя фотаздымкі намесніка старшыні Акцябрскага райвыканкама Уладзіміра Елісеева і кіраўніцы спраў Валянціны Шлапаковай з надпісам пад імі «Яны любяць цябе», цягнецца ад 9 чэрвеня. Тады ў Акцябрскім ладзіўся выпускны вечар. Андрэй Павук прыйшоў у згаданай майцы на цэнтральную плошчу, дзе здымаў выпускнікоў. Чыноўнікі райвыканкама пакрыўдзіліся, падалі ў міліцыю заявы. Маўляў, блогер абразіў іх гонар, зганьбіў пачуцці сям’і.

Заявы разглядаў участковы інспектар Віктар Карпянок, але, па ўсяму відаць, не знайшоў абразы ў фотаздымку і надпісе.

Пра пераслед блогера за майку з надпісам у ліпені расказаў тэлеканал “Белсат”, які транслюе свае праграмы з тэрыторыі Польшчы. Беларускія ўлады ўжо паўдзесятка разоў адмовілі тэлеканалу ў акрэдытацыі.

У сваю чаргу міліцыя абвінаваціла Андрэя Павука ў вырабе для “Белсата” тэлесюжэта, у якім ён быў галоўным героем.

Андрэй Павук патлумачыў у судзе, што ён сапраўды цікавіўся ў жыхароў Рудабелкі, ці можна лічыць абразай майку з фотаздымкам чыноўнікаў і надпісам “Яны любяць цябе”. Адказы рудабельцаў ён змясціў на сваёй старонцы ў YouTube у адкрытым доступе.

“Я не супраць, калі частку здымкаў выкарыстаў “Белсат” — канал  гэты аб’ектыўны”, — тлумачыў у судзе блогер Павук. І дадаў: “Я наагул не разумею, чаму мяне абвінавачваюць у вырабе сюжэта. Я не мантажаваў здымкі, не адсылаў на “Белсат”. У мяне няма магчымасці трансляваць відэасюжэты. У чым мая віна?”

Адначасова Павук паведаміў, што здымкі разам з ім рабіў гомельскі фрылансер Андрэй Толчын. Хадайнічаў выклікаць яго ў якасці сведкі.

23 жніўня Толчын адмыслова прыехаў у Акцябрскі на суд. Ён заявіў, што рабіў здымкі пра пагрозы судом Андрэю Павуку для агенцтва “Ньюс інфармацыя”. Як распарадзілася відэаздымкамі “Ньюс інфармацыя”, яму невядома. Магчыма, яны былі прададзены тэлеканалу “Белсат”.

Суддзя Гармаш палічыла, што ў тлумачэннях блогераў ёсць супярэчнасці і пастанавіла аштрафаваць Андрэя Павука на 30 базавых велічынь, што адпавядае 735 рублям.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства