viasna on patreon

Тамары Шчапёткінай прысудзілі штраф «за выраб прадукцыі СМІ без акрэдытацыі»

2018 2018-08-06T07:37:00+0300 2018-08-06T07:36:59+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/shchapetkina-tamara.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Тамара Шчапеткіна. Фота: Радыё Рацыя

Тамара Шчапеткіна. Фота: Радыё Рацыя

Суд Бярозаўскага раёну Берасцейскай вобласці 3 жніўня пакараў штрафам незалежную журналістку Тамару Шчапёткіну «за выраб прадукцыі СМІ без акрэдытацыі».

Падставай сталі яе артыкулы на сайце Радыё Рацыя пра недарэчнасьць існаваньня помніка Чкалаву ў вёсцы Першамайск пад Бярозай, а таксама пра вясковыя крамы.

Па інфармацыі Радыё Свабода, судзьдзя Алена Нямкова прызначыла Тамары Шчапёткінай штраф 612,5 рубля (25 базавых велічыняў) за парушэнне артыкула 22.9 КаАП РБ. Шчапёткіна віны не прызнала. Яна заявіла, што паводле Канстытуцыі мае права распаўсюджваць інфармацыю.

Што напісала Шчапёткіна?

У артыкуле пра помнік савецкаму лётчыку-выпрабавальніку Валерыю Чкалаву, які стаіць у Першамайску Бярозаўскага раёну, журналістка скрытыкавала мясцовае паданьне, паводле якога быццам бы лётчык, праяжджаючы праз гэтае паселішча на цягніку, выйшаў і зладзіў тут мітынг зь мясцовымі працоўнымі і сялянамі.

«Ці мог Чкалаў выходзіць у Першамайску (тады вёска называлася Блудзень) і рабіць мітынг у 1938 годзе, калі гэтая тэрыторыя была ў складзе Польшчы? Некалі пра гэта напісалі ў мясцовай раёнцы. Насамрэч гэты помнік спачатку паставілі ў Берасьці на вакзале, а потым яго перавезьлі ў Першамайск. Ну, але ж ня мог Чкалаў тут мітынгаваць, таму што Польшча ж тады знаходзілася ў канфрантацыі з Савецкім Саюзам. Я думаю, ён нават пакурыць тут бы ня мог выйсьці, ня тое што рабіць мітынг. Ды ці можна паверыць у тое, што ў 1938 годзе народ бег на мітынг, ведаючы, што Чкалаў едзе? Адкуль людзі маглі пра гэта ведаць тады? Пра гэта я і зрабіла перадачу, якая была ў інтэрнэце», — кажа Тамара Шчапёткіна.

Другі пратакол на журналістку склалі за артыкул пра вясковыя крамы, дзе істотнай крытыкі ўладаў не было.

«Я думаю, гэтыя артыкулы — толькі нагода, а прычына зусім у іншым. Я думаю, што ўлады раззлаваў мой рэпартаж пра тое, што зьнішчаюць пагалоўе сьвіней на фэрме „Сухое“ ў Янаўскім раёне. Мне стала вядома, што пасьля выхаду матэрыялу міліцыянты апытвалі працаўнікоў фэрмы наконт майго прыезду, дэманструючы ім маё фота», — кажа Тамара Шчапёткіна.

За рэпартаж пра тую фэрму на журналістку таксама склалі пратакол, і неўзабаве яе чакае новы суд.

Тамара Шчапёткіна заявіла, што не згаджаецца з прысудамі і будзе абскарджваць іх у Камітэце па правах чалавека ААН. Журналістка кажа, што леташняя скарга ў гэтую інстанцыю ўжо прынятая да разгляду.

Тамару Шчапёткіну 3 жніўня судзілі за журналісцкую дзейнасьць упершыню за 2018 год. У 2017 годзе ёй ня раз прысуджалі вялікія штрафы. Агулам за журналісцкую працу для замежных СМІ без акрэдытацыі МЗС Шчапёткіну асудзілі 15 разоў.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства