Абаронца Курапатаў арыштаваны на 10 сутак
Актывіст кампаніі „Еўрапейская Беларусь” Максім Вінярскі атрымаў 10 сутак арышту, паведаміў сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі „Беларуская хрысціянская дэмакратыя” Павел Севярынец у сацыяльнай сетцы „Фэйсбук”.
Як паведамляе БелаПАН, Вінярскі быў затрыманы раніцай 4 жніўня каля свайго дома, дзе шпацыраваў з сабакам. Днём разам з паплечнікамі па кампаніі ён збіраўся несці вахту пратэсту перад рэстаранам „Паедзем паядзім” каля ўрочышча Курапаты. Актывіста затрымалі разам з жывёлай, далейшы лёс якой невядомы.
Абаронцы Курапатаў, дзе пахаваны ахвяры сталінскіх рэпрэсій, з 31 мая штодня пратэстуюць супраць працы рэстарана. Многія ўжо былі аштрафаваныя альбо зведалі адміністрацыйны арышт. 6 жніўня ў судзе будзе разгледжана адміністрацыйная справа Севярынца за арганізацыю ў Курапатах прэс-канферэнцыі 21 чэрвеня. Аналагічная справа была распачатая ў дачыненні да былога старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзькі. 2 жніўня ён аштрафаваны на 50 базавых велічынь (1.225 рублёў).