viasna on patreon

Магілёў: абласны суд разгледзіць скаргу актывісткі Галіны Смірновай

2018 2018-07-23T12:17:08+0300 2018-07-23T12:17:07+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/smirnova-00.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Галіна Смірнова, Бабруйск.

Галіна Смірнова, Бабруйск.

Магілёўскі абласны суд прызначыў на 26 ліпеня разгляд скаргі кіраўніцы Бабруйскай гарадской арганізацыі АГП Галіны Смірновай. Справа тычыцца штрафу, якім яе пакаралі напярэдадні Дня Волі па сфабрыкаваных абвінавачваннях.

23 траўня судзя суда Бабруйскага раёна і горада Бабруйска Алена Гармаш вынесла пастанову, згодна з якой Галіна Смірнова была аштрафавана па арт. 23.4 КаАП.

Нагадаем, Галіна Смірнова была затрымана на парозе свайго дома ў ноч з 23 на 24 сакавіка. Затрыманне адбывалася на хвалі масавых зачыстак напярэдадні святочнага мерапрыемства да стагоддзя БНР у Менску, дзе яна планавала прысутнічаць.

Позна ноччу яна вярталася дадому таксоўкай. Каля пад’езда яе аклікнуў па імі невядомы мужчына, як высветлілася пазней - супрацоўнік АМАПа. Ёй не дазволілі «патэлефанаваць» у дамафон, каб папярэдзіць мужа пра затрыманне, пасадзілі ў службовую машыну і даставілі ў аддзяленне УУС, дзе на яе склалі два пратаколы. Галіну Смірнову абвінавацілі ў «пераходзе вуліцы ў неналежным месцы» і «непадпарадкаванні законным патрабаванням службовай асобы». Двое сутак (напярэдадні Дня Волі і сам святочны дзень) яна правяла ў адзіночнай камэры.

21 і 23 мая адбыліся суды, на якіх паказанні давалі супрацоўнікі АМАПу. Нягледзячы на ​​вялікую колькасць нестыковак ў паказаннях і пратаколах, Галіну Смірнову прызналі вінаватай і аштрафавалі агулам на 3 базавых велічыні. У судзе Галіна Смірнова заявіла, што заведзеныя супраць яе справы з'яўляюцца незаконнымі, неабгрунтаванымі і палітычным матываванымі, і яна мае намер абскардзіць рашэнне суда.

У агульнай складанасці ўжо адбылося восем судовых пасяджэнняў па гэтай справе, аднак дамагчыся сумленнага справядлівага рашэння пакуль не ўдалося. Але Галіна Смірнова не мае намеру здавацца.

«Я не магу гэта дараваць і проста так пакінуць, таму што гэта не проста сфабрыкаваная справа, - адзначыла яна ў каментары сайту ucpb.org. - І калі нічога не рабіць, ніякіх мер не прадпрымаць, то кожны чалавек можа быць у любым месцы спынены, яму што заўгодна могуць інкрымінаваць і асудзіць. Зараз выйшлі на новых сведак здарэння, рыхтуемся. Самае галоўнае - трэба паказаць ім, што мы гэта пакідаць беспакарана не будзем».

Пасяджэнне адбудзецца 26 ліпеня ў 9.30 у Магілёўскім абласным судзе.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства