viasna on patreon

Суд над Аюбам Ціціевым: ніхто са сведак-паліцэйскіх не меў уяўлення пра справу

2018 2018-07-20T12:52:45+0300 2018-07-20T13:06:26+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/titiev_oub_sud.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Аюб Ціціеў у судзе. Фота ПЦ "Мемарыял"

Аюб Ціціеў у судзе. Фота ПЦ "Мемарыял"

Як паведамляе "Новая газета", у Шалінскім гарадскім судзе Чачні ў першы дзень пасяджэння па справе кіраўніка чачэнскага «Мемарыялу» Аюба Ціціева дапыталі сведак абвінавачання - семярых паліцэйскіх, якія выходзілі на працу ў дзень затрымання праваабаронцы, 9 студзеня.

«Даходзіла да абсурду: усе сведкі не маглі назваць нават цалкам відавочныя рэчы - хто замацаваны за аўтамабілем, які пазыўны і гэтак далей. Не маглі назваць колер формы, у якой яны неслі службу. Практычна на ўсе пытанні боку абароны - адказ «не памятаю», - здзіўляўся адвакат Пётр Заікін у размове з «Новай».

Паводле тэксту трансляцыі ў телеграм-канале праваабарончага цэнтру "Мемарыял", першым дапыталі Вісхаджы Бугаёва, які дзяжурыў у Курчалоеўскім ІЧУ у дзень затрымання Ціціева. Бугаёў заявіў, што не ведаў і ніколі не сустракаў Ціціева, а таксама не бачыў, як яго дастаўлялі на тэрыторыю аддзялення паліцыі. Ён таксама не змог адказаць на пытанне абароны пра тое, колькі супрацоўнікаў заступае на службу штодня і хто быў старэйшым нараду ў той дзень.

Потым дапыталі супрацоўніка паліцыі Абубакар Каімава - ён не здолеў выступіць без перакладчыка (хоць да гэтага падчас следства даваў паказанні на рускай мове). Пасля на ўсе пытанні - ад таго, ці наведваў ён хоць раз у жыцці АМУС па Курчалоеўскаму раёну, да пытанняў пра тэрмін сваёй службы і колеры формы - сведка адказваў: «не памятаю».

Трэці сведка, супрацоўнік Курчалоеўскай патрульна-паставой службы (ППС) Дэні Асуханаў, таксама не мог успомніць, ці выязджаў ён у Курчалой і якія службовыя машыны ў Курчалоеўскім РАУС.

Усе астатнія сведкі, згодна трансляцыі пасяджэння, таксама сцвярджалі, што ўпершыню бачылі праваабаронцу.

Як адзначае юрыст ПЦ "Мемарыял" Галіна Тарасава, некаторыя з выступаўшых супрацоўнікаў паліцыі працуюць у аддзеле паліцыі вёскі Ялхой-Мохк, якая знаходзіцца ў 20 кіламетрах ад месца затрымання Ціціева:

«Уключэнне такіх асоб у лік сведак абвінавачвання варта разглядаць як прыўнясенне ў крымінальную справу элемента шоў для грамадскасці. Гэтае шоў трэба для стварэння бачнасці таго, як шмат людзей нібыта прыйшлі сведчыць супраць Аюба Ціціева».

Разгляд справы па сутнасці павінен быў пачацца ў сераду, 18 ліпеня, аднак быў перанесены з-за адсутнасці ў Грозным Іллі Новікава - аднаго з адвакатаў Аюба Ціціева. Паводле тэксту трансляцыі, той не чакаў, што разгляд па сутнасці пачнецца, пакуль не завершаны разгляд пытання аб тэрытарыяльнай падсуднасці - у пачатку ліпеня абарона Ціціева хадайнічала аб разглядзе справы за межамі Чачні.

Наступнае пасяджэнне адбудзецца ў чацвер, 26 ліпеня.

Нагадаем, Аюб Ціціеў, які ўзначальвае Грозненскае аддзяленне Праваабарончага цэнтру "Мемарыял", быў затрыманы ў студзені нібыта за захоўванне марыхуаны. У траўні яму прад'явілі абвінавачванне ў незаконным захоўванні без мэты збыту наркотыкаў у буйным памеры (ч. 2 арт. 228 КК). Ціціеву можа пагражаць да трох гадоў пазбаўлення волі. Праваабаронца сцвярджае, што наркотыкі яму падкінулі пры затрыманні.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства