Абласны суд пакінуў у сіле штраф магілёўскім журналістам-фрылансерам
Цяпер Аліна Скрэбунова і Яўген Глушкоў удваіх павінны будуць выплаціць дзяржаве 80 базавых велічынь за журналісцкую дзейнасць, адзначаецца на сайце mspring.online.
Суддзя Магілёўскага абласнога суда Міхаіл Мельнікаў 19 ліпеня разгледзеў скаргу фрылансераў Аліны Скрэбуновай і Яўгена Глушкова на рашэнне суда Ленінскага раёна.
29 траўня суддзя Таццяна Касцюк прысудзіла Скрэбуновай 50 базавых велічынь, а Глушкову – 30 базавых велічынь штрафу за супрацоўніцтва з тэлеканалам БелСАТ.
У віну абодвум ставілася стварэнне двух сюжэтаў. Першы з іх быў прысвечаны памылцы магілёўскіх уладаў, з-за якой выселілі жыхароў дамоў па вуліцах Будаўнікоў і Заслонава, другі – самагубству кіраўніка аграпрамкомплекса «Купалаўскае» Дзмітрыя Васілеўскага ў Шклоўскім раёне.
На думку КДБ, які ініцыяваў адміністрацыйныя справы, Глушкоў і Скрэбунова прынялі ўдзел у незаконным вырабе прадукцыі СМІ, чым парушылі закон.
Фрылансеры яшчэ да суда першай інстанцыі заявілі пра палітычны характар свайго пераследу. На пасяджэнні 19 ліпеня ў Магілёўскім абласным судзе Яўген Глушкоў настойваў, што суд і міліцыя «фактычна адмовіліся забяспечваць рэалізацыю гарантаваных дзяржавай канстытуцыйных і неад’емных правоў грамадзян на свабоднае выказванне меркаванняў і перакананняў i распаўсюджванне поўнай, дакладнай i своечасовай iнфармацыi аб дзейнасцi дзяржаўных органаў, грамадскіх аб’яднанняў і аб палітычным і міжнародным жыцці».
Ён таксама звярнуў увагу на прамашкі, якія зрабіла суддзя Касцюк пры разглядзе справы 29 траўня: нелагічнасць высноваў, ігнараванне Канстытуцыі і міжнародных дамоваў, размытасць фармулёвак у судовай пастанове.
Суддзя Міхаіл Мельнікаў заслухаў довады фрылансераў, але пастановы Ленінскага суда не адмяніў. Рашэнне пра штраф для Скрэбуновай і Глушкова ўступіла ў сілу.