Гародня: Суд над Салянікам перанесены на нявызначаны тэрмін
У судзе Кастрычніцкага раёна Гародні на 18 ліпеня быў прызначаны разгляд адміністрацыйнай справы грамадскага актывіста Мікалая Саляніка.
Аднак, як паведамляе "Гарадзенская Вясна”, 17-га ліпеня, за дзень да таго як павінен быў адбыцца суд, Саляніку патэлефанавала сакратарка суда і паведаміла, што ягоная справа адпраўлена на дапрацоўку і таму суда не будзе. А вось калі суд адбудзецца і ці адбудзецца ўвогуле, сакаратарка не паведаміла.
Як пажартаваў сам Мікалай Салянік:
- У тых, хто сшывае на мяне справу, відаць не хапіла белых нітак. І недашытая справа развалілася па ўсіх швах. Відаць таму ўзялі перапынак, каб набыць пабольш тых белых нітак.
Нагадаем, што абласны кіраўнік Гарадзенскай структуры АГП Мікалай Салянік разам з актывістам гэтай партыі Аляксандрам Лаўрэнцьевым 3-га ліпеня хацелі правесці флэшмоб. Іх, у класічна-турэмнай паласатай вопратцы, на вуліцы затрымалі невядомыя і ў брутальнай форме запіхнулі ў бусік і вывезлі. Пазней актывісты апынуліся ў ІЧУ, дзе Мікалаю Саляніку, які ёсць сардэчнікам і таму мае другую групу інваліднасці, стала кепска. Яго на хуткай адвезлі ў шпіталь.
Аляксандра Лаўрэнцьева прама з ІЧУ, нікому не паведаміўшы, хоць актывіста шукалі і сябры і родныя, завезлі на суд, дзе аштрафавалі на 20 базавых велічынь.
А пасля таго як Мікалай Салянік выпісаўся з шпіталю, яму паведамілі, што суд адбудзецца 18-га ліпеня. Зараз жа стала вядома, што суда не адбудзецца, бо яго вырашылі перанесці, а матэрыялы справы аддаць на дапрацоўку.