На "кармленне галубоў" у Берасце прыйшлі ўчастковыя
На плошчы Леніна ў г. Брэсце 15 ліпеня, у нядзелю, зноў кармілі галубоў супраць будаўніцтва аккумулятарнага завода. На акцыю прыйшло каля 60 чалавек і з дзесятак супрацоўнікаў МУС, піша мясцовы праваабарончы сайт "Берасцейская вясна".
Людзі традыцыйна кармілі галубоў збожжам і семкамі і абмяркоўвалі прамую лінію з намеснікам міністра па экалогіі Іей Малкінай - яе дыялогі з Дзям'янам Лепесевічам і Дзмітрыем Бекалюком.
Пад канец акцыі на плошчу прыйшлі ўчастковыя Ленінскага РАУС А. Тарасюк, В. Ігнатоўскі і А. Базылёў. Яны прынеслі і ўручылі позвы Сяргею Свірскаму, Алегу Ярмоленка і Дзмітрыю Бекалюку. Іх выклікаюць для апытання ў якасці сведак па факце выражэння меркавання аб судовай сістэме слухачамі судовага паседжання 6 ліпеня 2018 г.
Каля 13.00 людзі спакойна разышліся.
Нагадаем, што брэстчане з 25 лютага 2018 г. кожную нядзелю выходзяць на плошчу карміць галубоў у знак нязгоды з дзеяннямі гарадскіх і раённых уладаў, якія нягледзячы на масавую незадаволенасць гараджан і жыхароў раёна працягваюць будаваць небяспечную вытворчасць - завод АКБ.
15 ліпеня быў затрыманы блогер Аляксандр Кабанаў, якога праз некаторы час адпусцілі, склаўшы пратакол апытання. Як паведаміў агенцтву БелаПАН праваабаронца Раман Кісляк, міліцыя спыніла Аляксандра Кабанава каля рынку на вуліцы Пушкінскай, дзе ён меў намер збіраць подпісы за адстаўку кіраўнікоў абласнога, раённага і гарадскога выканкамаў, якія не рэагуюць на патрабаванні жыхароў спыніць будаўніцтва акумулятарнага заводу.
«Мяне даставілі ў Ленінскі РАУС. Каля 16.25, пасля апытання ў сувязі з адміністрацыйным правапарушэннем, адпусцілі з міліцыі. Я ўпэўнены, што мяне будуць судзіць за правядзенне несанкцыянаванага масавага мерапрыемства, хоць збор подпісаў пад закон „Аб масавых мерапрыемствах“ не падпадае, а рэгламентуецца законам „Аб зваротах грамадзян“», — паведаміў БелаПАН Аляксандр Кабанаў.