Берасце: «АйПауэр» патрабуе ў актывістаў і «Экадому» пакрыць судовыя выдаткі
Кошт працы адвакатаў прадпрыемства ацаніла ў больш чым 2 тысячы рублёў.
Новы віток атрымала развіццё супрацьстаяння грамадскасці з мясцовымі ўладамі Брэста і адміністрацыяй будуецца акумулятарнага завода кампаніі «АйПауэр».
Як піша greenbelarus.info, пасля таго, як ўступіла ў сілу рашэнне суда, які адмовіў у задавальненні пазову аб прыпыненні будаўніцтва, «АйПауэр» сам звярнуўся ў суд.
Кіраўніцтва акумулятарнага завода патрабуе з ГА «Экадом», а таксама траіх мясцовых актывістаў, якія выступілі з пазовам аб прыпыненні будаўніцтва завода, пакрыць сродкі, выдаткаваныя на адвакатаў, якія абаранялі інтарэсы «АйПауэр» ў судзе - у суме 2 271 рубель 13 капеек.
«Патрабаванне прагназуемае і пазоў не здзівіў зусім. Не думаю, што гэтая сума крытычная для «АйПауэра» і без яе будаўніцтва завяршыць не атрымаецца, інакш прадпрыемства не марнавала б такія грошы на адвакатаў з Мінска, маючы ў сваім штаце юрысконсульта», - кажа юрыст «Экадому» Сяргей Магонаў.
На яго думку, такім чынам «АйПауэр» спрабуе аказаць ціск на грамадскасць, «ударыць рублём, каб прытармазіць прад'яўленне новых пазоваў да кампаніі».
«Гэта яшчэ раз даказвае, наколькі некамфортна яны сябе адчуваюць пад пільнай увагай грамадскасці. У сукупнасці з памерам ганарару, выплачанага адвакацкай бюро, гэта дае перадумовы лічыць, што сцвярджэнні пра шматлікія парушэнні заканадаўства пры будаўніцтве заводу не далёкія ад ісціны», - кажа Сяргей Магонаў.
Юрыст адзначае, што пры разглядзе справы суд мае права зменшыць заяўленую да спагнання суму, з улікам складанасці і працягласці справы.
«Мы будзем хадайнічаць пра гэта, нягледзячы на тое, што справу будзе разглядаць суддзя, які пры разглядзе пазову аб прыпыненні будаўніцтва завода праігнараваў відавочныя парушэнні парадку правядзення грамадскага абмеркавання. Адвакацкай бюро «Верхаводка і партнёры Л.Л.С.» жадаю поспехаў і выказваю надзею, што іх удзел у дадзенай справе не нанясе шкоды іх рэпутацыі, і тыя кліенты, каму важныя прынцыпы зберажэння навакольнага асяроддзя, захавання экалагічных правоў грамадскасці, не адмовяцца ад супрацоўніцтва з імі».
Разгляд справы прызначаны на 9:30 гадзінаў 12 ліпеня 2018 гадоў ў судзе Маскоўскага раёна горада Брэста.