viasna on patreon

"Мы зацікаўленыя ў рэфармаванні адвакатуры". Праваабаронцы прадставілі сумесны даклад Дакумент

2018 2018-06-29T21:57:00+0300 2018-06-29T21:13:19+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/daklad_advakaturajpg.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

29 чэрвеня ў Мінску кааліцыя правабарончых арганізацый прадставіла даклад аб абмежаваннях незалежнасці адвакатаў у Беларусі, які быў падрыхтаваны па выніках місіі ў студзені 2018 года.

У склад місіі ўваходзілі віцэ-прэзідэнт Парыжскай калегіі адвакатаў Базіль Адэр і сябра Рады Парыжскай калегіі Бенуа Дзеніё, супрацоўніца аддзела Усходняй Еўропы і Цэнтральнай Азіі FIDH Юлія Уанон і намеснік начальніка Абсерваторыі па абароне праваабаронцаў FIDH Х'юга Габеро.

daklad_advakatura2.jpg
Ан Сулельяк, Юлія Уанон, Валянцін Стэфановіч, Тамара Сідарэнка і Ілля Нузаў

Пад час прэзентацыі юрыст ПЦ "Вясна" Валянцін Стэфановіч нагадаў пра падзеі 2017 года, калі пад пазачарговую пераатэстацыю патрапілі адвакаты Мінскай гарадской і Магілёўскай абласной калігіяў адвакатаў, у тым ліку і тыя, хто абараняў правы падазраваных і абвінавачаных па палітычна матываваных крымінальных справах.

“Мы асцерагаліся паўтарэння сітуацыі 2011 года, калі шэраг прынцыповых адвакатаў, якія абаранялі фігурантаў палітычна матываваных крымінальных спраў, у тым ліку па справе "Аб масавых беспарадках”, былі пазбаўленыя ліцэнзій. Таму ўзнікла ідэя запрасіць місію Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека з даследаваннем сітуацыі, якая склалася, і ацэнкай праблемаў незалежнасці адвакатуры. І па выніках гэтай місіі быў падрыхтаваны даклад”, - адзначыў Валянцін Стэфановіч.

Адвакатка Ан Сулельяк з Парыжскай калегіі адвакатаў адзначыла, што закон "Аб адвакатуры" ад 2011 гады дазваляе празмернае ўмяшанне Міністэрства юстыцыі ў дзейнасць адвакатуры ў парушэнне Гаванскіх прынцыпаў.

"Я хацела б прывесці некалькі прыкладаў такога ўмяшання: Міністэрства юстыцыі выдае ліцэнзіі на ажыццяўленне адвакацкай дзейнасці, можа ініцыяваць дысцыплінарную вытворчасць супраць адвакатаў, кантралюе выбары старшыняў адвакацкіх калегіяў, кандыдатуры якіх павінны ўзгадняцца з міністэрствам. І хоць ліцэнзія на ажыццяўленне адвакацкай дзейнасці выдаецца пажыццёва, кожныя пяць гадоў адвакаты павінны праходзіць працэдуру пераатэстацыі. Акрамя чарговай атэстацыі, існуе працэдура пазачарговай атэстацыі, падчас якой Міністэрства юстыцыі можа праверыць веды адвакатаў у любы момант", - падкрэсліла Ан Сулельяк.

Парыжская калегія адвакатаў заклікае ўлады Беларусі змяніць закон "Аб адвакатуры", каб надзяліць адвакатаў большай незалежнасцю, і ўпэўненая, што адвакацкія калегіі змогуць пераняць паўнамоцтвы, якімі цяпер надзеляны мінюст.

Юлія Уанон звярнула ўвагу на праблематычныя аспекты, звязаных з пераатэстацыяй адвакатаў:

  • Працэдура пераатэстацыі кантралюецца мінюстам праз кваліфікацыйную камісію, якая складаецца з 17 членаў, з якіх толькі восем з'яўляюцца прадстаўнікамі адвакатуры. Астатнія члены - гэта прадстаўнікі дзяржустаноў. У адкрытым доступе інфармацыі пра членаў камісіі знайсці не ўдалося.
  • Праводзяцца не толькі чарговыя, але і пазачарговыя атэстацыі.
    У мінулым годзе мінюстам былі выяўлены парушэнні ў дачыненні да васьмі адвакатаў, якія абаранялі фігурантаў так званай справы "Белага легіёну". Хоць парушэнні былі больш тэхнічнага характару, тым не менш, адвакаты былі выкліканыя на працэдуру, якая ў заканадаўстве апісана вельмі шырока: адвакатам можна задаваць любыя пытанні з любой сферы права, і ніякія палажэнні заканадаўства не апісваюць ні межы пытанняў, ні іх колькасць, ні працягласць такога сумоўя.

"Нам здаюцца гэтыя аспекты вельмі праблематычнымі, таму што заканадаўства надзяляе кваліфікацыйную камісію такімі паўнамоцтвамі, што яна ў любы момант можа скарыстацца такім рычагом ціску на адвакатаў", - сказала Юлія Уанон.

У сваю чаргу дырэктар аддзела па Усходняй Еўропе і Цэнтральнай Азіі Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека Ілля Нузаў падкрэсліў, што пераатэстацыі - гэта наступствы рэалізацыі свабоды выказвання меркавання:

"У адносінах да некаторых адвакатаў былі ўзбуджаныя дысцыплінарныя дзеянні з боку ўладаў пасля таго, як яны зрабілі публічныя заявы, у якіх асудзілі дзеянні праваахоўных органаў у дачыненні да іх падабаронных. І пасля гэтага яны былі падвергнутыя пазачарговай пераатэстацыі.

У выніку гэтага ўзнікае атмасфера самацэнзуры: адвакаты не могуць свабодна абменьвацца думкамі пра тое, што адбываецца ў краіне ў адносінах да іх дзейнасці, якія несправядлівыя дзеянні вядуцца ўладамі супраць іх кліентаў, якія займаюцца палітычнай дзейнасцю".

На думку Іллі Нузава, таксама існуюць абмежаванні, звязаныя з эканамічным бокам: адвакаты часцей імкнуцца пазбягаць спраў, якія могуць несці для іх пэўныя наступствы, што ў тым ліку ўплывае і на эфектыўнасць іх дапамогі, і на ўсю прафесію ў цэлым.

Адвокатка, пазбаўленая ліцэнзіі ў 2011 годзе, Тамара Сідарэнка адзначыла аб'ектыўнасць і глыбіню дакладу, які сапраўды ацэньвае сітуацыю і змяшчае важныя высновы для адвакатуры ў Беларусі.

Яна распавяла пра свой вопыт працы адвакатам:

"Я ўсё жыццё лічыла, што я адвакатка і раблю сваю працу. Я была тыповым прадстаўніком прафесіі. Аднак, у 2011 годзе за маё інтэрв'ю прэсе, дзе я казала, што не магу як адвакатка сустрэцца са сваім падабаронным, літаральна адразу рушылі ўслед рэпрэсіі. Я падвергнулася тром праверкам за паўгода. Потым была пазачарговая пераатэстацыя са мноствам парушэнняў з боку Мінюста. Аднак, суд не звярнуў увагу на мае матываваныя скаргі, і прыняў пазіцыю міністэрства".

Тамара Сідарэнка лічыць, што на сённяшні дзень у Беларусі адвакаты самі сябе абараніць не могуць, толькі дапамога звонку можа засцерагчы адвакатаў ад незаконнага ўмяшання ў іх дзейнасць.

У канцы прэзентацыі Валянцін Стэфановіч адзначыў:

"Мы як праваабарончая супольнасць зацікаўленыя ў рэфармаванні адвакатуры такім чынам, каб яна сапраўды стала незалежным органам. І гэта важна для нас усіх, таму што незалежная адвакатура - адна з асноўных складнікаў незалежнага і справядлівага суда".

"Мы зацікаўленыя ў рэфармаванні адвакатуры". Праваабаронцы прадставілі сумесны даклад

Файлы

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства