Пракуратура праводзіць праверку дзейнасці Аб'яднанай грамадзянскай партыі
Прадстаўнікі пракуратуры Савецкага раёна г. Мінска 1 жніўня наведалі офіс Аб’яднанай грамадзянскай партыі. Мэта візіту – праверка наяўнасці плакатаў, налёпак і іншай прадукцыі, якія, быццам бы, ганьбяць гонар і годнасць Аляксандра Лукашэнкі. Старшыня АГП, Анатоль Лябедзька, з'яўляецца падазроным па крымінальнай справе аб паклёпе на Лукашэнку. Ранней АГП было вынесена папярэджанне аб недапушчальнасці распаўсюджання звестак аб датычнасці Лукашэнкі да незаконнага гандлю зброяй.
31 ліпеня А. Лябедзька быў выкліканы ў пракуратуру Савецкага раёна г. Мінска. Гэтым разам пракуратура цікавілася зместам партыйнага выдання “Грамадзянскі Форум” і аздабленнем партыйнага офісу.
У мінулым месяцы намеснік міністра юстыцыі сп. Міцкевіч скардзіўся, што ў офісе АГП маюцца плакаты і налёпкі з выявай А. Лукашэнкі. Гэта, на думку Мінюста, падпадае пад артыкулы 189 і 368 крымінальнага кодэкса.
Літаральна праз некалькі дзён ужо першы намеснік міністра юстыцыі А. Петраш звярнуўся да пракуратуры з просьбай азнаёміцца са зместам бюлетэня “Грамадзянскі Форум”, у якім распавядаецца пра акцыю пад назвай “Моладзь дапамагае прэзідэнту выплочваць пэнсіі і заробкі”, што адбылася ў Пружанах. На думку першага намесніка міністра юстыцыі, гэтае паведамленне таксама ганьбіць гонар і годнасць прэзідэнта.