viasna on patreon

За cхаваны пад маскай твар на Першамаі непаўнагадоваму вынеслі папярэджанне

2018 2018-05-24T12:22:37+0300 2018-05-24T13:52:26+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/anarhi-pershamaj-3.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Затрыманне ўдзельнікаў пікету ў Кіеўскім скверы 1 мая 2018 года. Фота: TUT.by

Затрыманне ўдзельнікаў пікету ў Кіеўскім скверы 1 мая 2018 года. Фота: TUT.by

Вячаслава Сідарэнку камісія па справах непаўнагадовых пры Адміністрацыі Ленінскага раёна г. Мінска прызнала вінаватым у здзяйсненні адміністрацыйнага правапарушэння па арт. 23.34 КаАП – парушэнне парадку правядзення масавага мерапрыемства, якое адбылося 1 траўня ў Кіеўскім скверы - і вынесла папярэджанне.

На паседжанні, якое адбылося 17 траўня, Вячаслаў Сідарэнка прызнаў сябе вінаватым у тым, што на мірнай акцыі скрыў твар маскай. Пра правілы правядзення мерапрыемства яго азнаёмілі супрацоўнікі міліцыі ўжо ў аддзяленні.

Акрамя гэтага з пастановы камісіі вынікае, што "вінаватасць хлопца ў здзяйсненні правапарушэння сумневаў не выклікае, не аспрэчваецца іншымі ўдзельнікамі адміністрацыйнага працэсу, поўнасцю падцвярджаецца сукупнасцю даследаваных доказаў". Прызнальныя паказанні, паводле пастановы камісіі, не з’яўляюцца вымушанымі і не аспрэчваюцца бакамі.

Пры вынясенні спагнання камісія ўлічыла характар здзейсненнага правапарушэння, а таксама дадзеныя, якія характарызуюць асобу правапарушальніка, яго маёмаснае становішча.

Паседжанне камісіі цягнулася 15 хвілін.

Нагадаем, 1 траўня ў Кіеўскім скверы праходзіў дазволены ўладамі мітынг. Тры актывісты – Вячаслаў Касінераў, Аляксей Зуеў і Вячаслаў Сідарэнка – падчас яго разгарнулі транспарант з надпісам “Свабода, роўнасць, раўнапраўе, самакіраванне”. Двое з актывістаў былі ў масках, за што былі папярэджаныя начальнікам мінскага АМАПу Дзмітрыем Балабай, а затым і арганізатарамі мітынгу.

Падчас сыходу з мерапрыемства хлопцы былі затрыманыя супрацоўнікамі міліцыі ў цывільным і дастаўленыя ў РУУС Цэнтральнага раёна.

На наступны дзень над Аляксеем Зуевым і Вячаславам Касінеравым адбыліся суды. Першаму хлопцу суд прызначыў пакаранне ў выглядзе штрафу ў 10 базавых велічынь за ўдзел у масавым мерапрыемстве са схаваным пад маскай тварам. Другога - адправілі на 10 сутак арышту за нібыта арганізаваны “адзіночны пікет”.

Справу Вячаслава Сідарэнкі тады накіравалі на разгляд у камісію па справах непаўнагадовых, бо на момант удзелу ў акцыі хлопцу не споўнілася 18 гадоў.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства