viasna on patreon

Блог Валянціна Стэфановіча: Недыскрымінацыя – наша традыцыйная каштоўнасць

2018 2018-05-23T14:54:38+0300 2018-05-23T14:54:37+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/podlinnoe_karikatura.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Карыкатура, намаляваная Валянцінам Стэфановічам

Карыкатура, намаляваная Валянцінам Стэфановічам

Вывешаны вясёлкавы сцяг на будынку амбасады Вялікабрытаніі ў Мінску выклікаў рэакцыю не толькі ў МУС, але і ў шырокім беларускім грамадстве. Сотні каментатараў пад артыкуламі на гэтую тэму на старонках інтэрнэт-парталаў задаюцца адвечнымі і звыклымі ўжо пытаннямі – чаму яны навязваюць "чуждыя" для нашай краіны каштоўнасці і не "прымальны” для нас лад жыцця? У мяне ў сувязі з гэтай дыскусіяй таксама ўзнікла пытанне. А што на самой справе ўяўляюць сабой нашыя традыцыйныя каштоўнасці, ці бываюць яны наогул “нашымі” і “не нашымі”, і што азначае фраза “не прымальны лад жыцця”?

Пад традыцыйнымі каштоўнасцямі людзі вельмі часта разумеюць г.зв. “традыцыйныя” сямейныя каштоўнасці, а таксама апелююць да хрысціянскіх каштоўнасцяў і традыцыяў нашага грамадства.

Традыцыйныя сямейныя каштоўнасці на думку тых, хто да іх апелюе, як правіла выяўляюцца ў саюзе мужчыны і жанчыны, які ствараецца ў мэтах працягнення роду. Менавіта такі саюз мужчыны і жанчыны адпавядае і хрысціянскім прынцыпам веры. Нічога не маю супраць такіх падыходаў да пабудовы сям’і. Аднак адзначу пры гэтым, што далёка не ўсе грамадзяне нашай краіны з’яўляюцца хрысціянамі і вернікамі. Свабода сумлення выяўляецца не толькі ў праве вызнаваць пэўную рэлігію, але і ў праве невызнаваць ніякую. Адпаведна кожны сам для сабе вызначае тыя маральныя каштоўнасці, з якімі ён жыве, і не мусіць іх навязваць іншым. Да таго ж Беларусь з’яўляецца секулярнай, г.зн. свецкай, дзе рэлігія адасобленая ад дзяржавы. Рэлігійная ідэалогія можа быць адной з шэрагу іншых ідэалогій, якіх могуць прытрымлівацца грамадзяне, палітычныя партыі і грамадскія аб’яданні. Пры гэтым ніводная з ідэалогій не можа з’яўляцца пануючай у дзяржаве і абавязковай для ўсіх. Такім чынам у сучасным соцыуме суіснуюць прадстаўнікі і носьбіты самых розных ідэалогій, рэлігійных верванняў і ладу жыцця.

Ды і мэты сучаснага саюза мужчын і жанчын могуць быць зусім розныя – не толькі выключна рэпрудыкцыйныя. Як дарэчы і формы: ад афіцыйна зарэгістраваных дзяржавай у выглядзе шлюба, так і ў незарэгістраваных сужыцельствах. Увогуле права на стварэнне сям’і - гэта права чалавека, якое вынікае з ягонай чалавечай сутнасці і ў меньшай ступені патрабуе якога б не было умяшальніцтва з боку грамадства і дзяржавы. Ну хіба заканадаўча ўрэгуляваны шлюбны ўзрост, узаемныя абавязацельствы мужа і жонкі, у тым ліку па ўтрыманні і выхаванні дзяцей. Таму пытанне “традыцыйнасці” сямейных каштоўнасцяў справа вельмі адносная, у розных індывідаў яны могуць быць адрознымі.

Акрамя таго не трэба забываць, што ўтварэнне сям’і - гэта права, а не абавязак. Жыць без сям’і ці мець свабодныя стасункі з некалькімі ці адным партнёрам - гэта так жа традыцыйна. Чаму? Ды таму, што гэта прыватнае жыццё чалавека, у якое не павінна ўмешвацца дзяржаўная машына. Яно, прыватнае жыццё, з’яўляецца недатыкальным і ўмяшальніцтва ў яго з боку іншых недазволенае на заканадаўчым узроўні, калі вядома гэта не датычыцца нейкіх забароненых (крыміналізаваных) формаў паводзінаў і стасункаў (з асобамі маладзейшымі за ўзрост сэксуальнай недатыкальнасці, напрыклад). Асабістае жыццё чалавека не павінна залежыць ад таго, з’яўляецца яно “прымальным” для кагосьці іншага, большасці грамадства ці дзяржавы. Скасаванні шлюбаў і асобнае пражыванне мужа і жонкі ці дашлюбныя і па-за шлюбныя стасункі верагодна таксама з’яўляюцца “не прымальнымі” для большасці грамадства, аднак спрэс сустракаюцца і практыкуюцца ў нашым паўсядзенным жыцці.

Людзі ЛГБТК+ ў нашай краіне карыстаюцца тымі ж самімі правамі, што і людзі іншай сэксуальнай арыентацыяй і гендэрнай ідэнтычнасцю. Яны маюць аднолькавыя з іншымі грамадзянамі правы і свабоды. У тым ліку права на асабістае жыццё, якое трэба разумець таксама як і не ўмяшальніцтва ў яго з боку іншых. Яны маюць права быць самімі сабой у рэшце рэшт, весці звычайнае жыццё.

Не залежна ад таго, з’яўляецца гэта “прымальным” для кагосці ці не. Гэтае права належыць ім ад нараджэння, а не ўстанаўліваецца для іх кімьсці іншым, у тым ліку дзяржавай і яе прадстаўнікамі.  Яны маюць права свабодна хадзіць па вуліцах, не баючыся быць абражанымі ці збітымі з-за таго, што навакольным стала вядома аб іх сэксуальнай прыналежнасці, ствараць грамадзкія арганізацыі, карыстацца свабодай выказвання свайго меркавання і свабодай мірных сходаў, ствараць сем’і ці сужыцельствы.

Усё гэта замацавана ў Канстытуцыі нашай краіны і іншых яе законах, у тым ліку і ў Законе “Аб органах утнутраных спраў”, якія забараняюць ўсялякага кшталту дыскрымінацыю, і адпаведна гэта таксама з’яўляецца нашай традыцыйнай каштоўнасцю. Каштоўнасцю сучаснай еўрапейскай краіны.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства