viasna on patreon

Камітэт правоў чалавека ААН стаў на бок беларускі, якой зламалі нагу на «Плошчы–2010»

2018 2018-05-08T15:08:00+0300 2018-05-08T15:17:26+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/maja_abromczyk110516.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Майя Абромчык

Майя Абромчык

Радыё „Свабода” паведамляе са спасылкай на расейскага адваката Сяргея Галубка, што Камітэт ААН па правах чалавека вырашыў, што збіццё Майі Абромчык з'яўляецца парушэннем правоў чалавека, а адказныя за яго засталіся непакаранымі.

Скарга студэнткі Майі Абромчык была зарэгістраваная яшчэ ў студзені 2013 г. Яна пацярпела ад неправамерных дзеянняў супрацоўнікаў АМАПу 19 снежня 2010 года падчас разгону мірнай акцыі пратэсту на плошчы Незалежнасці ў Мінску.

У красавіку 2011 года пракурор Маскоўскага раёну г. Мінска паведаміў Абромчык, што па яе скарзе пракуратура завяла крымінальную справу паводле арт. 155 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (прычыненне цяжкіх цялесных пашкоджанняў па неасцярожнасці) на нявысветленую асобу. Аднак супрацоўнікі міліцыі ў гэтай справе не фігуруюць. Хаця ў судова-медычнай экспертызе, якая была зроблена па патрабаванні пракуратуры, адзначана, што траўмы, зафіксаваныя ў Маі, могуць быць нанесеныя прадметам, падобным да міліцэйскай дубінкі. Тым не менш пракурор гэтага ня ўзяў пад увагу.

Рэабілітацыя складанага пералому доўжылася цягам году, падчас якіх Майя пранесла тры аперацыі.

Беларускія суды не знайшлі вінаватых у прычыненні дзяўчыне цяжкага пералому нагі. 

У разбіральніцтве «Абромчык супраць Беларусі» Камітэт правоў чалавека ААН стаў на бок Маі Абромчык. 

Радыё Рацыя паведамляе, што ў сваім рашэнні Камітэт ААН па правах чалавек адзначае: „Камітэт лічыць, што пададзеныя факты паказваюць, што дзяржава не здолела адэкватна расследаваць абвінавачанні. У гэтым выпадку дзяржаўны бок абавязаны:

а) правесці поўнае і эфектыўнае расследаванне абвінавачанняў заяўніцы пра жорсткае абыходжанне, прыцягнуць да адказнасці вінаватых і пакараць іх адпаведнымі мерамі;

в) даць адэкватную кампенсацыю, у тым ліку пакрыццё любых судовых і медычных выдаткаў, а таксама нематэрыяльных стратаў заяўніцы;

с) прынесці афіцыйныя прабачэнні заяўніцы”.

Адвакатка, якая бараніла інтарэсы Абромчык, каментуючы гэтую сітуацыю Свабодзе, тлумачыць:

"Такія рашэнні абавязваюць найперш выконваць правы і больш не дапускаць парушэнняў. Гэта асноўнае: прыняць да ўвагі, больш не паўтараць. Кампэнсацыі матэрыяльнай і маральнай шкоды, пошук вінаватых, просьбы прабачыць — усё гэта хутчэй рэкамэндацыі, бо ніякіх рычагоў ціску на дзяржаву ў Камітэту правоў чалавека няма. Ды апрыёры дзяржава павінна гэта выконваць, у міжнароднай супольнасці гэта ўлічваецца," - кажа адвакатка.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства