viasna on patreon

Што адкажа генерал-маёр Маткін жонцы асуджанага?

2018 2018-04-27T15:10:26+0300 2018-04-27T16:52:58+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/kuchura_liudmila.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Людміла Кучура ў Праваабарончым цэнтры "Вясна"

Людміла Кучура ў Праваабарончым цэнтры "Вясна"

Людміла Кучура была на асабістым прыёме ў начальніка Дэпартамента выканання пакаранняў Алега Маткіна яшчэ 10 красавіка. Па словах жанчыны, начальнік быў падрыхтаваны да яе візіту, слухаў уважліва, прыняў дзве скаргі да разгляду.

Пасля гэтага яе мужа ў папраўчай калоніі №15 наведаў першы намеснік начальніка ДВП Іван Мысліцкі. Пры сустрэчы, ён сцвярджаў, што не верыць, што адміністрацыя калоніі можа парушаць правы асуджаных.

Па выніках праверкі Іван Мысліцкі даслаў адказ ад 23 красавіка на скаргу Людмілы Кучуры, у якім сцвярджаў, што дысцыплінарныя спагнанні да яе мужа ў калоніі прымененыя ў адпаведнасці з крымінальна-выканаўчым заканадаўствам. Больш за тое, намеснік начальніка ДВП адзначыў, што з 1 студзеня 2018 года асуджаны накіраваў у адрас жонкі пяць лістоў – 21 і 22 студзеня, 5, 6 і 23 сакавіка, для адпраўлення зваротаў у дзяржаўныя органы асуджаны нібыта не звяртаўся да адміністрацыі, а “інфармацыя пра змяшчэнне Пятра Кучуры ў штрафны ізалятар на дзесяць сутак, пасля запісу 2 красавіка на прыёме ў начальніка Дэпартамента, не адпавядае рэчаіснасці”.

Аналагічны адказ Іванам Мысліцкім быў накіраваны жонцы асуджанага яшчэ і 18 красавіка на яе зварот у Следчы камітэт, які быў перанакіраваны ў ДВП.

“Фактаў перадузятага стаўлення, жорсткага і бесчалавечага абыходжання з боку супрацоўнікаў ПК №15 у адносінах да асуджанага Пятра Кучуры не ўстаноўлена.

У выпадку нязгоды з адказам, вы можаце абскардзіць яго ў суд у парадку, устаноўленным заканадаўствам”, - гаворыцца ў адказе Івана Мысліцкага.

Цікава, што раней Людміла Кучура атрымала адказ ад 2 красавіка з Пракуратуры Магілёўскай вобласці, дзе сярод іншага значылася, што ад пачатку года Пётр Кучура даслаў ёй сем лістоў, яшчэ два былі знішчаныя адміністрацыяй калоніі ў сувязі з цынічным характарам і выкарыстаннем жаргонных выразаў у іх.

Больш за тое, у тэлефоннай размове асуджаны распавёў жонцы, што адміністрацыя папраўчай установы выдала яму даведку, у якой указана, што пачынаючы з 1 студзеня ім было накіравана да яе аж дзевяць лістоў. Аднак, пра якія лісты ідзе гаворка ні Пётр, ні Людміла Кучура не разумеюць: ні 21, ні 22 студзеня асужданы лістоў не пісаў і не дасылаў увогуле, а жанчына атрымала толькі адну паштоўку да дня нараджэння за гэты перыяд.

Пётр Кучура таксама паведаміў, што акрамя намесніка начальніка ДВП у калонію прыязджаў і пракурор вобласці, які ўважліва выслухаў яго, нібыта быў зацікаўлены ў вырашэнні праблемаў зняволенага.

Цяпер Людміла Кучура накіравала скаргу начальніку Дэпартамента выканання пакаранняў з нязгодай на тыя адказы, што яна атрымала ад Івана Мысліцкага, дзе ўказала на несупадзенне інфармацыі па колькасці накіраваных лістоў ў яе адрас і адзначыла, што праверка першага намесніка начальніка ДВП непраўдзівая.

“Даючы адказы з недакладнай інфармацыяй, першы намеснік начальніка ДВП МУС Рэспублікі Беларусь Іван Мысліцкі сам пераступае закон. Ён пакрывае злачынныя дзеянні адміністрацыі ПК №15, што дазваляе ёй і далей парушаць закон у дачыненні да майго мужа. Бо да гэтага часу ні мой муж, ні я не можам абскардзіць незаконныя спагнанні: ніводная скарга мужа не была адпраўленая з калоніі, а мне адмоўлена ў прадастаўленні копій пастановаў аб накладзеных спагнаннях для іх абскарджвання па даверанасці”, - піша Людміла Кучура.

Яна падкрэслівае, што пасля наведвання І. Мысліцкім калоніі ўсё засталося па-ранейшаму: жанчына не атрымала ліст, які быў накіраваны яе мужам 13 красавіка, асуджанаму было адмоўлена ў тэлефоннай размове згодна з графікам, і толькі праз некалькі дзён ён змог патэлефанаваць жонцы.

“Хацелася б ведаць: гэта сістэмная практыка службовых асобаў адказваць на звароты як бог на душу пакладзе? Патрабаванні заканадаўства для іх не абавязковыя?”, - задае рэзоннае пытанне Людміла Кучура начальніку ДВП і просіць правесці чарговую праверку, даць праўдзівы адказ па ўсіх пастаўленных пытаннях.

Што ж ёй адкажа генерал-маёр Алег Маткін, які ўжо амаль два месяцы займае пост начальніка Дэпартамента?

Нагадаем, што надзвычайная сітуацыя склалася вакол Пятра Кучуры пасля стварэння яго жонкай петыцыі за перадачу паўнамоцтваў Дэпартамента выканання пакаранняў Міністэрству юстыцыі. Асаблівую занепакоенасць у адмінстрацыі калоніі выклікала тое, што такім чынам раскрылася інфармацыя пра катаванні і неаказанне медыцынскай дапамогі ў калоніі, якія прывялі да некалькіх смерцяў, у тым ліку і жонкі аднаго з асуджаных падчас працяглага спаткання.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства