Праваабаронцы прадставілі альтэрнатыўны даклад у Камітэце супраць катаванняў
26 красавіка дэлегацыя праваабаронцаў з Беларусі прадставіла свой альтэрнатыўны даклад экспертам у межах 63 сэсіі Камітэта супраць катаванняў ААН.
Юрыст Праваабарончага цэнтра “Вясна” Павел Сапелка, старшыня РГА “Прававая ініцыятыва” Вікторыя Фёдарава, старшыня Беларускага дакументацыйнага цэнтра Раіса Міхайлоўская і сябра Беларусскага Хельсінкскага камітэта Павел Левінаў распавялі пра тыя неабходныя змены ў краіне, якія б прывялі да паляпшэння сітуацыі з катаваннямі і іншымі відамі жорсткага абыходжання.
Так, сярод вызначаных праблемаў гучалі:
- адсутнасць крымінальнай адказнасці за ўсе віды катаванняў у адпаведнасці з Канвенцыяй супраць катаванняў;
- адсутнасць нацыянальнага прэвентыўнага механізму прадухілення катаванняў: дагэтуль Беларусь не далучылася да Факультатыўнага пратаколу Канвенцыі, не зрабіла заяваў па 21 і 22 артыкулах;
- палажэнні Канвенцыі разглядаюцца службовымі асобамі толькі як тэарытычныя і ніколі не прымяняюцца судамі;
- дзяржава ўхіляецца ад прыняцця неадкладных і эфектыўных мераў у мэтах барацьбы з гвалтам у месцах пазбаўлення волі;
- сцвярджэнні пра пыткі і жорсткае абыходжанне не расследуюцца аператыўна, бесстаронне і эфектыўна, а ахвяра не мае доступу да матэрыялаў расследавання;
- залежнасць органаў, якія праводзяць расследаванне фактаў катаванняў, і суддзяў ад выканаўчай улады і прэзідэнта;
- ціск на адвакатуру і залежнасць яе ад Міністэрства юстыцыі;
- недасяжнасць праваабронцаў да інфармацыі аб умовах утрымання ў месцах несвабоды, а таксама мэтанакіраванае не уключэнні іх у грамадскія назіральныя камісіі;
- адсутнасць спецыялізаваных міграцыйных цэнтраў, замежныя грамадзяне ўтрымліваюцца доўгі час у ІЧУ, дзе ўмовы можна характарызаваць як прыніжаючыя чалавечую годнасць;
- Беларуссю практыкуецца прымусовая высылка, дэпартацыя і экстрадыцыя ў дзяржавы, у якіх маюцца пагрозы катаванняў і смяротнага пакарання, праваабаронцамі фіксуюцца выпадкі экстрадыцыі без адпаведнай працэдуры;
- сама Беларусь дагэтуль амаль кожны год прымяняе смяротнае пакаранне, пры гэтым з парушэннем правілаў працэдуры Камітэта па правах чалавека ААН – прысуд прыводзіцца ў выкананне да прыняцця рашэння Камітэтам па асабістым звароце асуджанага ды іншыя.
Таксама Раіса Міхайлоўская прадставіла даклад па гвалтоўных знікненнях палітыкаў, якія да гэтага часу не расследуюцца належным чынам, а Павел Левінаў азнаёміў экспертаў з альбомам малюнкаў замежных вязняў, якія знаходзяцца за кратамі ў Беларусі.
Пасля гэтага праваабаронцы адказалі на пытанні Камітэту.
Акрамя гэтага адбыўся і круглы стол з прадстаўнікамі краін ЕС і Мексікі. А напярэдадні праваабаронцы сустракаліся паасобку з сябрамі Савету па правах чалавека ААН Эcэк'елем Петэрсэнам з Бразіліі, Анай Дабарджгінідзэ з Грузіі, Кёрцісам Петэрсам з Канады, Кларыс Жэрардэн з Францыі, Джэсікай Карл са Злучаных штатаў Амерыкі і Жэрарам Анданго з Конга, якім у сяброўскай атмасферы распавядалі пра сітуацыю з правамі чалавека ў Беларусі, выказалі сваё меркаванне пра мэтазгоднасць працягнення мандата спецдакладчыка ААН па краіне, абмяркоўвалі іншыя пытанні, звязаныя з правамі чалавека.
27 красавіка ў 11.00 па мінскім часе афіцыйная дэлегацыя з Беларусі прэзентуе вынікі чатырохгадовай працы па барацьбе з катаваннямі і іншымі жорсткімі, бесчалавечымі відамі абыходжання. Прамую трансляцыю з паседжання можна глядзець на сайте ААН.
У панядзелак, 30 красавіка, афіцыйныя прадстаўнікі Беларусі адкажуць на пытанні Камітэта супраць катаванняў ААН па сутнасці.
Чытайце таксама: Што такое «катаванне», як працуе Камітэт супраць катаванняў і навошта ўсё гэта трэба Беларусі?