Петыцыя Людмілы Кучуры: Саўмін перанакіроўвае, МУС адмоўчваецца
Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь перанакіраваў зварот і петыцыю Людмілы Кучуры ў Міністэрства ўнутранных спраў з просьбай паведаміць жанчыны пра вынікі разгляду.
Такі адказ, датаваны 16 сакавіка, атрымала жонка асуджанага Пятра Кучуры ад намесніка загадчыка аддзела па працы са зваротамі грамадзянаў і юрыдычных асобаў галоўнага ўпраўлення па справах дзяржаўных органаў Апарата Савета Міністраў Т. Майаровіч.
У сваёй петыцыі Людміла Кучура ўказвала на факты парушэння правоў асуджаных ў месцах пазбаўлення волі: катаванні, жорсткае абыходжанне, неаказанне ці неякаснае аказанне медыцынскай дапамогі, прымяненне адміністрацыяй калоніі да няўгодных асуджаных надуманых спагнанняў, адсутнасць страхавання жыцця асуджаных, перадузятае прымяненне ўмоўна-датэрміновага вызвалення і замены на больш мяккае пакаранне да асуджаных, рабская праца. І патрабавала перадаць паўнамоцтвы Дэпартамента выканання пакаранняў МУС Міністэрству юстыцыі Рэспублікі Беларусь.
Колькасць падпісантаў петыцыі скалала больш за 200 чалавек.
Аднак, да сёняшняга дня ніякіх лістоў з МУС Людміла Кучура так і не атрымала.
Юрыст Праваабарончага цэнтра “Вясна” Павел Сапелка адзначае:
“Дзяржаўны орган - Савет міністраў - цалкам адкрыта паказаў нежаданне разбірацца ў сутнасці звароту і прыняў фармальнае рашэнне аб перанакіраванні яго ў МУС. Гэта азначае, што патрабаванне грамадзянаў дакладна не будзе выканана. Ніхто ж сур'ёзна не верыць у тое, што МУС прыме рашэнне развітацца з функцыяй турэмнага наглядчыка і адмовіцца ад магчымасці выкарыстоўваць рабскую працу беларускіх зняволеных для папаўнення бюджэту і свайго пазабюджэтнага фонду”.
Нагадаем, апошнім часам асуджаны Пётр Кучура падвяргаецца частым спагнанням у папраўчай калоніі №15, а яго лісты і званкі да жонкі былі на некаторы час абмежаваныя. Надзвычайная сітуацыя склалася вакол Пятра Кучуры пасля стварэння яго жонкай петыцыі за перадачу паўнамоцтваў Дэпартамента выканання пакаранняў Міністэрству юстыцыі. Асаблівую занепакоенасць у адмінстрацыі калоніі выклікала тое, што такім чынам раскрылася інфармацыя пра катаванні і неаказанне медыцынскай дапамогі ў калоніі, якія прывялі да некалькіх смерцяў, у тым ліку і жонкі аднаго з асуджаных падчас працяглага спаткання.