viasna on patreon

МУС не бачыць парушэнняў у дзеяннях свайго супрацоўніка, які пагражаў актывістцы і яе родным Аўдыё

2018 2018-04-11T18:21:28+0300 2018-04-11T21:53:19+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/cisk.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Ілюстрацыйнае фота

Ілюстрацыйнае фота

Актывістку анархісцкага руху Юлію затрымалі ў Менску ў ноч з 12 на 13 студзеня. Супрацоўнік Фрунзенскага РУУС пасадзіў дзяўчыну ў машыну, дзе яе чакалі супрацоўнікі Галоўнага ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй, і затым яе даставілі ва УУС Фрунзенскага раёна.

У РУУС на Юлію склалі пратакол па арт. 17.1 КаАП ("дробнае хуліганства") і на працягу трох гадзін задавалі мноства пытанняў, у тым ліку пра яе жыццё, пра сяброў і знаёмых, якія не мелі дачынення да адміністрацыйнага правапарушэння, якое тады ёй прыпісвалі. Затым да суда на ўсе выходныя актывістку змясцілі ў Цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў, куды да яе на размову прыходзіў супрацоўнік ГУБАЗіК, які прадставіўся маёрам Цепляковым, але дакумент, які пацвярджае асобу, не паказаў. Падчас гэтай размовы ён усяляк ціснуў на дзяўчыну, пагражаў тым, што ў яе будуць праблемы на вучобе, а бацькоў звольняць з працы.

Пасля першага пасяджэння суда Фрунзенскага раёна, якое адбылося 15 студзеня, суддзя адправіў справу па арт. 17.1 КаАП на дапрацоўку (варта адзначыць, што Юліі тады не далі магчымасці скарыстацца паслугамі адваката). А 14 лютага адміністрацыйны працэс у дачыненні да актывісткі ўвогуле спынілі ў сувязі з недаказанасцю віны.

Пры гэтым у перыяд паміж двума судовымі пасяджэннямі псіхалагічны ціск на дзяўчыну працягвалаўся. Так, гэты ж супрацоўнік ГУБАЗіК прыходзіў у каледж, дзе вучыцца Юлія, і спрабаваў настроіць адміністрацыю супраць яе. Па словах актывісткі, тады ён паабяцаў ёй «сустрэцца пры іншых абставінах».

І неўзабаве пасля гэтага, восьмага лютага, супрацоўнікі 11-га ўпраўлення ГУБАЗіК прыйшлі з ператрусам ў магілёўскую кватэру бацькоў актывісткі. Свае дзеянні супрацоўнікі міліцыі абгрунтавалі пастановай пракурора, у якім было напісана пра магчымае дачыненне Юліі да псавання помніка Леніну, якое адбылося 22 красавіка 2017 года. Яны распытвалі маці Юліі пра дзяўчыну і яе «дзейнасць», старанна аглядалі рэчы актывісткі, аднак у выніку нічога не забралі.

«Са слоў маці я зразумела, што на ператрусе прысутнічаў той жа супрацоўнік ГУБАЗ, які да гэтага прыходзіў да мяне ў ізалятар і ў каледж. Пасля ператрусу ён гаварыў з ёй, распавядаў, якая я дрэнная дачка, пагражаў ёй праблемамі з працай, абяцаў, што яны прыйдуць і да іншых сваякоў», - распавядае Юлія.

На наступны дзень пасля ператрусу саму Юлію запрасілі ў Следчы камітэт на гутарку ў сувязі са справай аб пашкоджанні помніка. У час размовы ў Юліі для праверкі канфіскавалі мабільны тэлефон, але неўзабаве яго вярнулі.

Пасля такой настойлівай праявы цікавасці з боку праваахоўных органаў Юлія вырашыла звярнуцца ў ПЦ "Вясна". З дапамогай юрыстаў арганізацыі яна накіравала скаргу ў Пракуратуру Мінска па факце неаднаразовых пагроз у яе адрас і адрас яе бацькоў ад супрацоўніка ГУБАЗіК, што з'яўляецца перавышэннем яго службовых паўнамоцтваў, а для дзяўчыны - парушэннем яе права не падвяргацца жорсткаму і бесчалавечнаму абыходжанню, якое зневажае яе годнасць.

Пракуратура перанакіравала скаргу ў МУС, а яно, у сваю чаргу, не знайшло парушэнняў у дзеяннях свайго супрацоўніка. У адказе на скаргу за подпісам начальніка ГУБАЗіК М.М. Карпянкова сказана, што довады, выказаныя актывісткай, не пацвердзіліся, і таму прынята рашэнне спыніць праверку.

Праваабаронцы і сама актывістка з такім адказам не згодныя, лічаць яго неабгрунтаваным, а праведзеную праверку няпоўнай. З адказу Юлія не змагла даведацца, хто канкрэтна з супрацоўнікаў праваахоўных органаў меў гутарыў з ёй і пагражаў ёй і яе блізкім. Таксама, хоць у ГУБАЗіК МУС і прызнаюць факт гутаркі іх супрацоўнікаў з актывісткай, у адказе не пазначана, у межах якога менавіта працэсуальнага дзеяння супрацоўнік органаў унутраных спраў вёў гутарку з ёй і пагражаў.

У дадзены момант адказ ГУБАЗіК МУС абскарджваецца.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства