viasna on patreon

Анісія Казлюк: "Крута бачыць прагу да дзеянняў і ведаў"

2018 2018-04-09T14:13:24+0300 2018-04-09T15:07:44+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/kazliukanisa.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

На праваабарончым календары 9 красавіка адзначаны як Міжнародны Дзень моладзевых дзеянняў за Правы чалавека.

Дзень моладзевых дзеянняў за Правы чалавека пачаў адзначацца ў межах інтэрнацыянальнага праекта — Моладзевага праваабарончага руху, які пачаў дзейнічаць 8 жніўня 1998 года дзеля падтрымкі новага пакалення праваабаронцаў і грамадзянскіх актывістаў. Паступова ўтварылася паўнавартасная нефармальная супольнасць ці, як кажуць, сетка ў межах Моладзевага праваабарончага руху. Удзельнікі гэтай сеткі прадстаўляюць каля 40 краінаў на прасторы ад СанДыега да Уладзівастока, ад Буэнас-Айрэса да Мурманска. У 2009 годзе Моладзевы праваабарончы рух атрымаў статус удзельніка пры Савеце Еўропы — адной з буйнейшых міжурадавых арганізацый па абароне правоў чалавека.

Пры праваабарончым цэнтры "Вясна" дзейнічае Валанцёрская служба, якая ўжо пяты год з’яўляецца неад'емнай яго структурнай часткай. Ідэя аб стварэнні валанцёрскай службы з'явілася ў праваабаронцы Насты Лойкі ў 2012 годзе:

nas.jpg

"Насамрэч, заўжды былі валанцёры пры "Вясне", але з імі не вялося сістэматычнай працы. У красавіку 2013 году завялі анкетку, так і ўтварылася Валанцёрская служба ПЦ “Вясна”. Увогуле рэцэпт стварэння падобнай ініцыятывы можна прадставіць наступным чынам: актыўныя і цікаўныя людзі, гатовыя валанцёрыць + гатоўнасць унутры арганізацыі накіраваць частку энэргіі на іх = супольнасць і дапамога, развіццё новых напрамкаў і проста падтрымка прафесійных праваабаронцаў у нялёгкай справе," - адзначае заснавальніца Валанцёрскай службы.

Гісторыю ўключэння ў праваабарончы рух распавядае ледзь не самая вядомая валанцёрка Беларусі, а цяпер ужо і каардынатарка Валанцёрскай службы ПЦ “Вясна”, Анісія Казлюк:

"Я пачала валанцёрыць у 2012 годзе, а 8 красавіка 2013 запоўніла анкету валанцёра, так што афіцыйна ўжо 5 гадоў валанцёр. З часам пачала больш і больш уключацца ў дзейнасць і ўдзельнічаць у розных актыўнасцях, а ў мінулым годзе стала займацца толькі Валанцёрскай службай. У Беларусі ўвогуле шмат моладзевых рухаў, якія падтрымліваюць каштоўнасці Правоў Чалавека, але мне здаецца, што Валанцёрская служба ПЦ “Вясна” ўнікальна, бо знаходзіцца непасрэдна ў асяроддзі праваабаронцаў, знаёміцца з дзейнасцю старэйшых калегаў, пераймае вопыт, займаецца канкрэтнымі дзеяннямі ў абарону правоў чалавека і прасоўванні гэтых каштоўнасцяў".

kazlyk-mini

Калі ў Беларусі адбываецца нейкі моладзевы семінар ці кінапрагляд на тэму Правоў чалавека, то існуе вялікая верагоднасць таго, што гэта ладзіць менавіта Валанцёрская служба ПЦ “Вясна”. Важна, што валанцёры арганізуюць такія мерапрыемствы гэтак жа актыўна ў рэгіёнах, як і ў Мінску.

"Каштоўнасці Правоў Чалавека мы папулізуем праз разнастайныя адукацыйныя і асветніцкія мерапрыемствы. Напрыклад, тэматычныя кінапрагляды з дыскусіяй, дзе абмяркоўваем потым розныя важныя тэмы. Бачна што людзі даведваюцца новую інфармацыю, ім цікава, гэта вельмі ўсцешна. Пасля людзі выказваюць запыты на больш профільныя лекцыі, па вузкіх тэмах", - адзначае Анісія.

Не гледзячы на тое, што існуюць некаторыя складанасці ажыццяўлення праваабарончай валанцёрскай місіі ў Беларусі, пры гэтым усё ж такі пазітыўныя моманты ў дзейнасці моладзевага праваабарончага руху відавочна пераважваюць. Менавіта гэтыя моманты і натхняюць беларускую моладзь займацца абаронай Правоў чалавека.

"Бачна, што ёсць пазітыўныя змены, некаторыя нашыя валанцеры праз нейкі час пачынаюць утвараць свае асабістыя ініцыятывы, але і з намі сувязі не губляюць. Вельмі крута бачыць прагу да нейкіх дзеянняў і ведаў, якія будуць рэальна карыснымі і паспрыяюць паляпшэнню сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі," - распавядае каардынатарка Валанцёрскай службы ПЦ “Вясна”.

У гэты дзень маладыя людзі ў краінах Усходняй і Заходняй Еўропы ладзяць розныя акцыі і мерапрыемствы — грамадзянскія, міратворчыя, экалагічныя, антыфашысцкія ды іншага кшталту. Валанцёры "Вясны" 9 красавіка арганізоўваюць напісанне лістоў і паштовак палітвязням Беларусі.

Анісія Казлюк: "Крута бачыць прагу да дзеянняў і ведаў"

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства