Райвыканкам пра полацкі свабодны прафсаюз: "Мы выкарысталі ўсе законныя метады, але ліквідаваць не здолелі”
Мясцовы праваабарончы сайт vitebskspring.org паведамляе, што ў Полацку ўсё яшчэ ідуць спробы ліквідаваць першасную арганізацыю Свабоднага прафсаюзу на ААТ “Полацак-Шкловалакно”. Па дапамогу ў ліквідацыі суполкі намеснік старшыні Полацкага райвыканкаму Пётр Пяткевіч звярнуўся ў адміністрацыю прэзыдэнта і да полацкай дэпутаткі Палаты прадстаўнікоў, старшыні камісіі па заканадаўстве Наталлі Гуйвік.
Сутнасць зваротаў прадстаўніка райвыканкаму: “Дапамажыце нам ліквідаваць першасную арганізацыю Свабоднага прафсаюзу на ААТ “Полацак-Шкловалакно”. Мы выкарысталі ўсе законныя метады, але ліквідаваць не здолелі”.
Да кіраўніцы адміністрацыі прэзыдэнта Наталлі Качанавай запыт не дайшоў, бо адказ не быў адобраны юрыстам райвыканкаму.
А вось адказ ад дэпутаткі Наталли Гуйвік прыйшоў. Для яе просьба, выказаная ў звароце, выявілася незразумелай:
“Прашу канкрэтызаваць, якое менавіта садзейнічанне ў вырашэнні гэтага пытання Вам павінен аказаць дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь у межах сваёй кампетэнцыі”, – сказана ў адказе Наталлі Гуйвік.
Падчас асабістай сустрэчы з актывістам прафсаюзу Віктарам Стукавым дэпутатка патлумачыла, што дадатковай інфармацыі ад Пятра Пяткевіча яна пакуль не атрымлівала.
Доступ да згаданага ліставання Віктар Стукаў атрымаў у выніку азнаямлення з матэрыяламі справы, якую ўжо амаль паўгода вядзе полацкая міліцыя ў дачыненні да яго на заяву Андрэя Кузьміна, намесніка па ідэалогіі полацкага «Шкловалакна». Андрэй Кузьмін пакуль беспаспяхова спрабуе распачаць у дачыненні да актывіста крымінальную справу за нібыта нанесеныя яму абразы на сайце spbpolack.ru.