viasna on patreon

Ці прызнае бабруйская пракуратура “аперацыю “Фільтр” на Дзень Волі незаконнай?

2018 2018-04-05T12:48:23+0300 2018-04-05T17:21:26+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/uhj.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Бабруйчане накіравалі ў пракуратуру калектыўную скаргу на незаконнае затрыманне супрацоўнікамі міліцыі, якія 25 сакавіка спынілі іх машыну па дарозе ў Мінск, і перанакіравалі ў УУС г. Бабруйска.

Так, 25 сакавіка жыхары г. Бабруйска сябр ЦК партыі Юрый Грынявецкі і сябры Сацыял-дэмакратычнай партыі - Эдуард Грынявецкі, Уладзімір Чабан, Яўген Габрэлян і Аляксей Калеснікаў ехалі на аўтамабілі па трасе Бабруйск-Мінск, каб патрапіць у сталіцу на санкцыянаваны канцэрт, прымеркаваны Дню Волі. Але да Мінска ў прызначаны час яны так і не даехалі.

Прыкладна каля 9.30 у вёсцы Сычкава, што пад Бабруйскам, аўтамабіль актывістаў спыніў супрацоўнік ДАІ капітан Дзяцюк.

Негледзячы на прадстаўленыя дакументы вадзіцелем, супрацоўнік ДАІ сказаў, што ім трэба праехаць услед за службовым аўтамабілем. Пры гэтым запатрабаваў, каб усе прысутнічыя ў машыне праехалі разам з вадзіцелем, так як яны з’яўляюцца затрыманымі. Аб’яўленне такога нечаканага статуса капітан матываваў тым, што яны падазраюцца ў здзяйсненні злачынства. З словаў Дзяцюка, пад раніцу было здзейснена злачынства на машыне цёмнага колеру, у якой таксама было пяць чалавек. Аднак на пытанні, якое злачынства і дзе яно было здзейснена капітан адказваць адмовіўся. Пад экіпажам ДАІ яны былі дастаўлены ў УУС г. Бабруйска.

На месцы бабруйчанінам таксама не патлумачылі прычынаў затрымання, а замест гэтага ў прымусовым парадку забралі мабільныя тэлефоны і зрабілі вобшук рэчаў. Актывісты прасілі ажыццявіць іх права на абарону, але ім адмовілі. Пратаколы пры гэтым не складаліся.

Пасля таго, як бабруйчанінаў змясцілі ў актавай зале, то да іх прыставілі ахову з двух чалавек у цывільным, - з іх словаў, супрацоўнікаў АМАПа.

Праз некаторы час, пасля правядзення вышэйапісаных дзеянняў, супрацоўнік міліцыі запісаў іх прозвішчы. На гэтым працэдура “афармлення” скончылася.

У актавую залу увесь час заходзілі супрацоўнікі міліцыі (не менш 10), але ніхто з іх прычынаў затрымання патлумачыць не мог. Не знайшлося адказу на гэта простае пытанне і ў намесніка начальніка УУС, начальніка аддзела грамадскай бяспекі Андрэя Малахава:

"Я вас не затрымліваў і нічога не ведаю".

Пасля гадзіны знаходжання ў актавай зале, затрыманых развялі па розных кабінетах, дзе дапытвалі зусім па іншай справе, а не па той, якую агучыў пры затрыманні капітан Дзяцюк. Пытанні тычыліся рабаўніцтва жанчыны з 27 на 28 студзеня каля школы № 20 г. Бабруйска.

Пасля чатырох гадзін затрымання, прыкладна а 13.30, бабруйчанінаў выпусцілі. Пра гэта ім паведаміў начальнік аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі Сяргей Рудзько, але і ён не змог назваць прычынаў затрымання на 4 гадзіны.

У калектыўнай скарзе ў пракуратуру на незаконнае затрыманне супрацоўнікамі ўнутраных справаў актывісты пішуць, што яны ніякіх правапарушэнняў не здзяйснялі, такога намеру не мелі, падставаў для затрымання і прыводу не мелася, якога-небудзь супраціву яны не аказвалі, таму, актывісты мяркуюць, што дзеянні супрацоўнікаў міліцыі былі незаконнымі і злачыннымі, і відавочна, мела месца перавышэнне службовых паўнамоцтваў.

Нагадаем, што 25 сакавіка Дзяржаўтаінспекцыя Беларусі правяла спецыяльную аперацыю “Фільтр”, мэты і задачы якой застаюцца незразумелымі па гэты дзень. Мяркуецца, што асноўнай яе мэтай было настрашыць людзей, каб яны не ехалі на свята ў Мінск. Падчас аперацыі было спынена больш дзесятка аўтамабіляў, на якіх рэгіянальныя актывісты дабіраліся ў сталіцу.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства