viasna on patreon

Валянцін Стэфановіч: Улады дэманструюць пагарду да грамадзянскіх правоў Аўдыё

2018 2018-03-28T11:57:18+0300 2018-03-28T12:03:05+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/stefanovich-2016.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Валянцін Стэфановіч

Валянцін Стэфановіч

“Несанкцыянаваныя мітынгі разганяць”, – загадаў Аляксандр Лукашэнка міністру ўнутраных справаў, маўляў, “бардак пачынаецца з гэтага”, — цытуе Лукашэнку яго прэсавая служба. Такую стратэгію выбралі ўлады і гэта яны прадэманстравалі падчас Дня Волі 25 сакавіка, калі затрымлівалі людзей, што выйшлі на плошчу Якуба Коласа. Там планавалася недазволеная ўладамі акцыя апазіцыі, – каментуе намеснік старшыні Праваабарончага цэнтра «Вясна» Валянцін Стэфановіч у інтэрвью Радыё Рацыя.

Радыё Рацыя: Ці маеце канкрэтную лічбу затрыманых?

Валянцін Стэфановіч: У нас ёсць прозвішчы больш чым 120 чалавек, якія былі затрыманыя 25 сакавіка не толькі ў Менску, а яшчэ ў 12 гарадах Беларусі.

РР: Учора былі суды. І вельмі дзіўна, што як быццам бы не былі прывезены з міліцыі пратаколы. Вам не падаецца, што гэта нейкая маніпуляцыя ўладаў, якія хочуць “спусціць на тармазах” гэтыя справы?

Валянцін Стэфановіч: Тое, што суды не адбыліся, гэта адна сітуацыя. Але самым дзіўным выглядае, што людзі, якія былі асуджаныя пастановамі судоў да адміністрацыйных арыштаў, былі вызваленыя. Зараз, я так разумею, іх у любы момант могуць затрымаць цягам года. У Менску ўсе людзі былі вызваленыя да судоў. І суды не адбыліся. І мне падаецца, што пэўным адказам на гэтую сітуацыю можа быць сённяшняя гістэрыка Лукашэнкі, які крычаў не зважаць на заявы Еўразвяза і Дзярждэпа ЗША і “жэстачайшым образам” спыняць усе несанкцыянаваныя сходы. Але найперш якраз рэагуе на гэтыя заявы ён сам. Відавочна пэўная рэакцыя Еўразвяза і, верагодна, ЗША магла паўплываць на тое, што ўлада вырашыла не саджаць людзей у турмы.

РР: Як, на Вашую думку, ці атрымалася ўвогуле свята 25 сакавіка?

Валянцін Стэфановіч: У мяне дваістае засталося ўражанне. Бо мы сітуацыю ацэньваем як праваабаронцы. Для нас, адназначана, тое, што адбылося, сведчыць, што падыходы ўладаў не змяніліся. Яны як і раней дэманструюць пагарду да асноўных грамадзянскіх правоў. З іншага боку, канешне, тое, што прайшоў канцэрт каля Опернага тэатру, гэта таксама досыць важна. Таму што ўсё ж такі гэта было свята. Шмат людзей прыйшло з сем’ямі, з дзецьмі. Людзі, якія магчыма не наважваліся ўжо даўно выходзіць на нейкія санкцыянаваныя сходы, тут змаглі спакойна прыйсці са сцягамі, заспяваць песьні. Гэта, канешне, вельмі важна. Але, як праваабаронцы, мы ацэньваем гэтую сітуацыю негатыўна. Бо яна не дэманструе прарыву да нейкіх лепшых практык. 25 сакавіка ў Менску адбыліся адвольныя затрыманні ўдзельнікаў мірнага сходу: акцыя на плошчы Якуба Коласа была спыненая ўладамі да яе фактычнага пачатку. Затрымалі таксама і валанцёраў Праваабарончага цэнтру «Вясна», якія назіралі за акцыяй. Але ўвечары іх выпусцілі, як выпусцілі прывентаўна затрыманых перад акцыяй беларускіх палітыкаў, сярод якіх Мікалай Статкевіч, Уладзімір Някляеў, Вячаслаў Сіўчык.

https://spring96.org/wp-content/uploads/2018/03/razmowa-KArmazin.mp3

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства