Міжнародныя НДА: Працэс выбару новага Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека мусіць быць палепшаны
Кааліцыя з больш чым сямідзесяці арганізацый грамадзянскай супольнасці прапануе захады па актывізацыі і паляпшэнні працэсу выбару новага Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека.
“Прызначэнне новага Вярхоўнага камісара Арганізацыі Аб'яднаных Нацый па правах чалавека, якое адбудзецца напрыканцы гэтага года, з'яўляецца жыццёва важным момантам для Арганізацыі Аб'яднаных Нацый, паколькі яно будзе мець адпаведныя наступствы для правоў мільёнаў людзей па ўсім свеце”, — гаворыцца ў лісце на імя Генеральнага сакратара ААН Антоніу Гутэрыша, апублікаваным на сайце сеткі Дамоў правоў чалавека.
“Новы Вярхоўны камісар сутыкнецца з светам, у якім універсальныя нормы правоў чалавека знаходзяцца пад пагрозай або нават у рэгрэсе, у тым ліку і ў развітых дэмакратыях. Асоба, прызначаная на гэты пост, будзе супрацьстаяць глабальным выклікам у галіне правоў чалавека ў кантэксце традыцынага недахопу фінансавання для аднаго з фундаментальных элементаў Арганізацыі Аб'яднаных Нацыі, які многія называюць “забытай асновай”. На гэтым фоне як ніколі актуальнай з’яўляецца патрэба глабальнага лідарства і міжнароднага супрацоўніцтва ў галіне правоў чалавека. Таму вельмі важна, каб Вярхоўным камісарам быў абраны найбольш кваліфікаваны кандыдат, які б змог супрацьстаяць выклікам гэтай складанай і важнай пасады”.
Праваабаронцы нагадваюць, што, паводле рэзалюцыі 48/141 Генеральнай Асамблеі, Вярхоўны камісар мусіць ажыццяўляць маніторынг і казаць аб парушэннях правоў чалавека, дзейнічаць у якасці дарадцы па пытаннях правоў чалавека для кампетэнтных органаў сістэмы Арганізацыі Аб'яднаных Нацый, садзейнічаць праваабарончай дзейнасці і праграмам, удзельнічаць ў дыпламатычных захадах з урадамі і ўмацоўваць міжнароднае супрацоўніцтва ў мэтах садзейнічання ажыццяўленню міжнародных абавязальніцтваў у галіне правоў чалавека і выканання правоў чалавека, а таксама ажыццяўляць каардынацыю паслядоўнай павагі да правоў чалавека ў межах усёй сістэмы Арганізацыі Аб'яднаных Нацый.
“Акрамя таго, улічваючы той ціск, які зазнае грамадзянская супольнасць у многіх частках свету, становіцца ўсё больш важным, каб Вярхоўны камісар выступаў у якасці лідара грамадзянскай супольнасці. Вярхоўны камісар знаходзіцца ва ўнікальным становішчы, якое дазваляе гарантаваць прастору для грамадзянскай супольнасці, не толькі праз словы, але і з дапамогай дзеянняў (напрыклад, шляхам сустрэчаў з маргінальнымі або ўразлівымі групамі і праваабаронцамі ў час краінавых місій)”, — гаворыцца ў лісце.
На думку НДА, якія падпісалі зварот, працэдура, прынятая Генеральнай Асамблеяй у 1993 годзе дзеля прызначэння Вярхоўнага камісара, можа быць палепшана, што зробіць яе больш празрыстай, інклюзіўнай і мерытакратычнай, а таксама больш адпаведнай патрэбам грамадзянскай супольнасці і шырокай грамадскасці.
Канкрэтныя прапановы кааліцыі ўключаюць: публікацыю фармальнага набору крытэрыяў адбору, паляпшэнне глабальнай бачнасці фармальнага конкурсу для кандыдатаў, публікацыю графіку працэсу адбору, які б дазволіў адэкватна ацэньваць кандыдатаў, публікацыю афіцыйнага спісу кандыдатаў, а таксама патрабаванне да ўсіх кандыдатаў прадаставіць прапановы па стратэгіі.
“Мы таксама лічым, што ў інтарэсах празрыстасці, інклюзіўнасці і ўключэння грамадскасці працэс адбору павінен ўключаць у сябе шырокія кансультацыі з усімі зацікаўленымі бакамі, у тым ліку грамадзянскай супольнасцю”, — адзначаюць аўтары ліста.
Прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці таксама лічаць, што мандат Вярхоўнага камісара мусіць быць абмежаваны адным тэрмінам на пяць гадоў.
“Гэта дапаможа новаму Вярхоўнаму камісару пазбегнуць палітычнага ціску і ўмацуе яе або яго незалежнасць”, — кажуць яны.
Адкрыты ліст да Генеральнага сакратара ААН падпісалі арганізацыі з больш чым дзесяці краінаў, а таксама шэраг найбуйнейшых міжнародных праваабарончых арганізацый: CIVICUS, Freedom House, Index on Censorship і інш. Беларусь у гэтым спісе прадстаўлена Беларускім домам правоў чалавека імя Барыса Звозскава, які паставіў свой подпіс ад імя Беларускай асацыяцыі журналістаў, Беларускага Хельсінкскага камітэта, Таварыства беларускай мовы, Беларускага ПЭН-цэнтра, Праваабарончага цэнтра “Вясна” і “Прававой ініцыятывы”.