viasna on patreon

У Мінску затрыманая група назіральнікаў: цягаюць за валасы, складаюць пратаколы Дапоўнена

2018 2018-03-25T12:11:21+0300 2018-03-26T10:30:07+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/den_voli_9_2018.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Назіральніцы Наста Лойка і Таццяна Мастыкіна

Назіральніцы Наста Лойка і Таццяна Мастыкіна

Пра гэта паведамілі самі назіральнікі, яны знаходзяцца ў аўтазаку. Затрыманне адбылося каля плошчы Якуба Коласа. 

Шэсць назіральнікаў ад РПАА "Беларускі Хельсінкскі Камітэт", затрыманыя супрацоўнікамі міліцыі: Максім Кавалёў, Таццяна Мастыкіна, Андрусь Крэчка, Ганна Саханкова, Наста Лойка

"Акуратна і хутка сказалі ўсіх затрымаць", - перадала словы міліцыянераў Наста Лойка.

den_voli_8_2018.jpg
Назіральнік Андурсь Крэчка
den_voli_11_2018.jpg
Гана Саханкова
den_voli_13_2018.jpg
Максім Кавалёў

З 12.30 няма сувязі з Зміцерам Салаўёвым, ён быў на Коласа з пасведчаннем назіральніка і анкетай. Таксама няму сувязі з назіральнікам Юрыем Волчакам. Назіральніца Наста Васільчук знаходзіцца ў сінім міліцэйскім бусіку.

Вядома, што Насту Лойка даставілі ў Савецкі РУУС. 

Зміцер Салаўёў не затрыманы, зараз ён знаходзіцца пад РУУС Савецкага раёна. Туды даставілі ўсіх затрыманых на плошчы Якуба Коласа. 

Старшыня ПЦ "Вясна" Алесь Бяляцкі паведамляе:

“Мы каля РУУСу, у сярэдзіну не пускаюць і нічога не кажуць”.

Назіральніца Наста Васільчук паведаміла, што знаходзіцца ў Першамайскім РУУС, побач з ёй шмат затрыманых пенсіянераў. Дзяўчыны адпусцілі з РУУС у 14.55.

"Мяня скруцілі пяць человек, прымянілі сілу, адкаталі пальцы і сфатаграфавалі", - паведамляе з РУУС Савецкага раёна Таццяна Мастыкіна. 

Вядома, што на яе, а таксама на Максіма Кавалёва і Андруся Крэчку склалі пратаколы па арт. 23.34 КаАП - "Удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве". У дачыненні да Таццяны Мастыкінай клалі яшчэ адзін пратакол па арт. 23.4 КаАП - "Непадпарадкаванне законаму патрабаванню службовай асобы". Хутчэй за ўсё яна застанецца да суда ў пастарунку. 

Ганну Саханкову выпусцілі з РУУС без складання пратакола, яна распавяла, што Таццяну Мастыкіну міліцыянты трымалі за валасы, пакуль фатаграфавалі. 

Ні праваабаронцаў, ні адвакатку ў Савецкі РУУС не пускаюць.

"Пачатак акцыі быў анансавана на 12.00. Назіральнікі прыбылі на месца правядзення ў 11.47. Каля выхаду з метро на рагу дома 49 па пр. Незалежнасці да нас падышоў супрацоўнік праваахоўных органаў у цывільным, прад'явіў пасведчанне і запатрабаваў прайсці ў мікрааўтобус для высвятлення асобаў. Прад'яўленне пашпартоў і пасведчанняў назіральнікаў не паўплывала на патрабаванне супрацоўніка", - распавяла Ганна Саханкова.

У мікрааўтобусе ўсе былі апытаныя на конт поўнага прозвішча, імя і месца жыхарства. Далей назіральнікаў перамясцілі ў аўтазак, трохі адвезлі і перамясцілі ў іншы аўтазак - у адна- і двухмясцовыя камеры. Пасля даставілі ў Савецкі РУУС.

"У РУУС нам загадалі стаць тварам да сцяны на вуліцы, рукі ўверх, асабістыя рэчы на ​​зямлю. Канфіскоўвалі рэчы: складалі пратакол, апісвалі вяроўкі, шнуркі, асабістыя рэчы. Сумкі, кішэні правяралі і апісвалі. Фатаграфавалі і здымалі адбіткі. Таня адмовілася, яе адвялі, гвалтоўна знялі адбіткі, трымалі за валасы пры фота", - прывяла падрабязнасці назіральніца.

Саму ж Ганну Саханкову адпусцілі без тлумачэння прычын, пратакол на яе не склалі.

У 19.15 выпусцілі Андруся Крэчку. Суд над ім прызначаны на заўтра на 12.00.

Таксама адпусцілі Насту Лойка і Максіма Кавалёва, на іх складзеныя аналагічныя пратаколы па арт. 23.34 КаАП.

У рэшце рэшт адпусцілі з Савецкага РУУСа і Таццяну Мастыкіну. Нагадаем, што яе судзіць будуць аж па двух пратаколах - за ўдзел у несанкцыянаваным мітынгу і непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства