Права на бяспечнае навакольнае асяроддзе. Як у Брэсце і Светлагорску змагаюцца супраць шкодных заводаў Аўдыё
Напрыканцы 2017 года ў Беларусі пачалі набіраць абароты два экалагічныя канфлікты. У Брэсце і Светлагорску мясцовае насельніцтва пачало актыўна выступаць супраць акумулятарнага завода і завода беленай цэлюлозы адпаведна. Прычына - небяспека, якую ўтойваюць у сябе іх выкіды ў паветра.
Неабыякавыя людзі дамагаюцца сустрэч з уладамі, збіраюць подпісы, выходзяць на мітынгі, масава падтрымліваюць журналістаў і блогераў, якіх судзяць за распаўсюд інфармацыі пра акцыі пратэсту. Мы папрасілі праваабаронцаў Алену Маслюкову са Светлагорска і Уладзіміра Вялічкіна з Брэста распавесці пра бягучую сітуацыю вакол будаўніцтва гэтых заводаў, а таксама пра тое, як мясцовыя жыхары, далёкія ад палітыкі, прыходзяць да асэнсавання сваіх правоў.
“Падчас пагрозы бяспецы сваіх блізкіх людзі разумеюць, што за правы чалавека трэба змагацца”. Светлагорск супраць завода беленай цэлюлозы
Гісторыя з будаўніцтвам завода беленай цэлюлозы ў Светлагорску пачалася яшчэ ў 2012 годзе, калі ўлады абсалютна тайна хацелі правесці грамадскія слуханні ў сваім коле, усё занатаваць і пачаць будаўніцтва. Але ўтаіць інфармацыю не атрымалася, і яна вельмі хутка распаўсюдзілася па невялікім горадзе. І зразумела, што людзі, якія неабыякава ставяцца да стану навакольнага асяроддзя, прыйшлі на той сход, які ўлады так старанна хавалі ад грамадства. З таго моманты распачалося супрацьстаянне паміж будаўнікамі завода і мясцовым насельніцтвам.
Нягледзячы на настрой грамадзян, зборы подпісаў супраць завода, яго пачалі будаваць. Праца павінна была скончыцца ў 2015 годзе, аднак ужо пачаўся 2018 год, але да лагічнага завяршэння нічога не даведзена. Больш за тое, калі ў лістападзе мінулага года пачаліся пуска-наладкавыя працы, у паветры з’явіліся кепскія пахі. Будаўнікі казалі, што нічога дрэннага яны сабой не ўяўляюць. Аднак калі людзі пачалі кепска сябе адчуваць, што безумоўна ўплывала на іх фізічны стан, гэта іх моцна затурбавала.
“Згодна Канстытуцыі і прыродаахоўнаму заканадаўству, чалавек мае права на чыстае навакольнае асяроддзе, на камфортныя ўмовы жыцця. І лагічна, што людзі пачалі запытвацца, як гэтаму супрацьстаяць. І наша экалагічная група вельмі актыўна рабіла запыта ва ўсе магчымыя інстанцыі, каб даведацца пра паходжанне пахаў. І нарэшце, падчас арганізаванага агульнага схода, дзе прысутнічалі адміністрацыі горада, завода і простыя грамадзяне, дырэктар завода прызнаў, што газы (меркаптаны), якія выкідваюцца ў паветра, вельмі небяспечныя для чалавека”, - распавядае праваабаронца, актывістка ініцыятыўнай групы па кантролі за будаўніцтвам завода Алена Маслюкова.
З канца снежня мінулага года жыхары вёскі Якімава Слабада, што знаходзіцца ў непасрэднай блізкасці да завода, пачалі выходзіць на мітынгі, каб выказаць свой пратэст супраць небяспечага будаўніцтва. Тое, што людзі перасталі баяцца, Алена Маслюкова тлумачыць тым, што менавіта падчас пагрозы ўласнай бяспецы і бяспецы сваіх блізкіх людзі пачынаюць асэнсоўваць сутнасць правоў чалавека і таго, што часта за іх трэба змагацца.
“Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі, калі казаць шчыра, цікавіць далёка не ўсіх, калі гэта тычыцца менавіта палітычных правоў. Людзі ставяцца да гэтага спакойна. Але калі праблема тычыцца сацыяльных ці экалагічных правоў, калі яны пачынаюць адчуваць небяспеку для свайго жыцця, для жыцця сваіх родных, дзяцей, унукаў, то тады яны пачынаюць сур’ёзна турбавацца.
Я нават чула, калі адна жанчына казала пра праваабаронцаў і актывістаў, што “яны ж апазіцыянеры, яны ж пішуць звароты на беларускай мове!”, а іншая ёй адказвала, што “мне ўсё роўна! Галоўнае, што яны дапамагаюць нам бараніць свае правы!”. І вось гэта вельмі добра, што ў людзей змяняецца свядомасць у галіне правоў чалавека. Яны ўжо не дзеляць людзей на “свае – не свае”, галоўнае – гэта адстаяць свае правы", - лічыць праваабаронца.
На дадзены момант на светлагорскім заводзе беленай цэлюлозы праца часова прыпыненая. З нагоды існуючай праблемы мясцовыя актывісты звярнуліся ў Генеральную пракуратуру і Міністэрства прыроды і навакольнага асяроддзя, таксама яны плануюць накіраваць зварот у Следчы камітэт, каб прыцягнуць да адказнасці асобаў, якія парушылі заканадаўства.
“Выходзяць людзі, якім ёсць што губляць”. Берасцейцы супраць акумулятарнага завода
Адначасова са Светлагорскам экалагічныя спрэчкі разгарнуліся і ў Брэсце. Калі напачатку гэтага года вялікая частка жыхароў Брэста і бліжэйшых вёсак даведалася, што каля горада распачалася будоўля акумулятарнага завода, на якім штодня будзе плавіцца па некалькі тонаў свінца, гэта вельмі абурыла іх. Сітуацыя пагоршылася тым, што, як і ў Светлагорску, улады доўгі час замоўчвалі факт будоўлі. Да таго ж аказалася, што грамадскія абмеркаванні, на якіх мясцовыя жыхары маглі б выказаць сваю нязгоду, ужо быццам бы адбыліся аж напрыканцы 2016 года. Прадказальна, “заўваг і прапаноў” ад грамадскасці тады не паступіла. Такое відавочнае ігнараванне меркаванняў мясцовых жыхароў моцна іх раззлавала, і тады людзі пачалі актыўна дзейнічаць.
Праваабаронца Уладзімір Вялічкін, які пільна адсочвае сітуацыю вакол завода, адзначае, што такой моцнай кансалідацыі неабыякавых грамадзян ён дагэтуль не памятае.
“Адметнасць таго, што зараз адбываецца, - гэта задзейнічанне вельмі шырокага кола людзей. То бок звычайныя грамадзяне, якія хочуць мець здаровае навакольнае асяроддзе, прапануюць зрабіць нешто, што ім па сілах. Напрыклад, хтосьці друкуе адмысловыя налепкі на аўто, хтосьці збірае подпісы, хтосьці піша скаргі, звароты, хтосьці звяртаецца да дэпутатаў, арганізуе з імі сустрэчы і г.д. І самае цікавае, што няма агульнага цэнтру ва ўсім гэтым працэсе. Бо раней, калі ўзнікала нейкая незадаволенасць, улады каралі лідэраў, і тым самым душылі ўсе пратэстныя настроі на карані. А зараз яны не ведаюць, за што і за каго хапацца. Ну толькі што акрамя незалежных журналістаў і блогераў, актыўнасць якіх ім вельмі не падабаецца”.
Паводле Уладзіміра Вялічкіна, сітуацыя з барацьбой за свае экалагічныя правы вельмі падобная на светлагорскую. Тут таксама супраць будаўніцтва завода ў большасці выступілі людзі, якія раней не мелі ніякага дачынення да палітыкі. У першую чаргу яны адстойваюць свае правы і правы сваіх дзяцей на здаровае навакольнае асяроддзе.
“Я хацеў бы звярнуць увагу на тое, што самыя актыўныя людзі, якія выступаюць супраць завода, гэта тыя грамадзяне, якім ёсць што губляць. Гэта прадстаўнікі дробнага бізнесу, альбо проста людзі з высокімі даходамі, якія могуць забяспечыць сваі сем’і і могуць узяць на сябе адказнасць, каб змагацца за навакольнае асяроддзе”, - дадае праваабаронца.
Тым часам берасцейцы працягваюць негвалтоўны супраціў. Яны вырашылі кожную нядзелю выходзіць на цэнтральную плошчу горада, дзе абмяркоўваюць бягучае становішча спраў і працягваюць збіраць подпісы супраць будаўніцтва завода. Адначасова ў горадзе адбываюцца суды па пазовах супраць будаўнікоў завода. Так, 12 сакавіка у Брэсцкім абласным судзе разглядаўся пазоў грамадскага аб’яднання “Экадом” з патрабаваннем прыпыніць будаўніцтва завода. У выніку ён не быў задаволены. Аднак ужо хутка адбыдзецца новае паседжанне ў судзе Маскоўскага раёна адносна сітуацыі вакол шкоднага будаўніцтва.