У Магілёве забаранілі пікет прафсаюза РЭП у Дзень Канстытуцыі
Магілёўскія праваабаронцы паведамляюць, што Гарвыканкам адмовіўся задаволіць заяўку мясцовых сябраў прафсаюза радыё-электроннай прамысловасці на пікет у Дзень Канстытуцыі 15 сакавіка. Па словах прававога інспектара арганізацыі Аляксея Яўгенава, улады запатрабавалі спачатку прадаставіць аплочаныя дамовы на паслугі «хуткай дапамогі» і камунальнікаў. Хоць заяўнік даў абавязацельства на аплату паслуг адразу ж, як толькі будзе адобрана заяўка.
Акрамя таго,паведамілі, што няясна, адкуль будзе адбывацца фінансаванне мерапрыемства, – распавёў Аляксей Яўгенаў.
На яго думку, улады адмаўляюць у правядзенні мірных акцый пад любой падставай:
Яны ў сваіх адказах заўсёды пішуць, што захочуць.У Мінску не далі пікет па адной прычыне правесці, у нас – па іншай, але відавочна, што ўсё гэта надуманыя довады, – лічыць сябра РЭП.
Правядзенне пікету планавалася ў дазволеным уладамі месцы – на стадыёне па вуліцы Чалюскінцаў. Удзельнікі мірнага сходу хацелі праявіць салідарнасць з Беларускім прафсаюзам работнікаў радыё-электроннай прамысловасці, запатрабаваць спыніць умяшальніцтва ва ўнутраныя справы РЭП і спыніць крымінальны пераслед лідэраў прафсаюза Генадзя Фядыніча і Ігара Комліка.