Міліцыя вярнула актывісту частку канфіскаваных рэчаў на наступны дзень
Сацыяльнаму актывісту Аляксандру Пуставітаву вярнулі некаторыя з канфіскаваных падчас вобшуку рэчаў: літаратуру, фотаапарат. Ноутбук, тэлефон, калекцыйны нож і жорскія дыскі з камп'ютараў бацькоў пакуль пакінулі ў міліцыі.
Яшчэ падчас вобшуку лейтэнант міліцыі Д. Касцюкевіч настойліва запрашаў хлопца на размову ў РУУС Маскоўскага раёна ўвечары 26 лютага. Аднак ніякіх афіцыйных папер Аляксандру Пуставітаву не выдалі. На наступны дзень актывісту сталі пагражаць праз тэлефон: калі ён не прыйдзе да іх добраахвотна, то яго забяруць на допыт з працы.
У выніку вечарам 27 лютага Аляксандр Пуставітаў прыйшоў у Маскоўскі РУУС разам з адвакатам. У міліцыі такога візіту відаць не чакалі, таму спаслаліся на тое, што выклікалі яго ў аддзяленне, каб вярнуць частку рэчаў і ўзяць тлумачэнні наконт некаторых фотаздымкаў з сацыяльных сетак.
“Літаратуру і фотаздымач ужо вярнулі, а без ноутбука і тэлефона буду як мінімум месяц.
Дзякуй СМІ, сябрам, праваабаронцам і адвакату за аказаную дапамогу. Не бойцеся і змагайцеся з дзяржаўнай і паліцэйскай самаўпраўнасцю”, - напісаў на сваёй старонцы ў фэйсбуку Аляксандр Пуставітаў.
Нагадаем, раніцай 26 лютага ў кватэры сацыяльнага актывіста Аляксандра Пуставітава прайшоў агляд: супрацоўнікі нібыта шукалі агнястрэльную зброю, выбуховыя рэчывы, а канфіскавалі кампутарную тэхніку і друкаваныя выданні. Агляд міліцыянеры праводзілі са шматлікімі парушэннямі працэсуальных нормаў. Актывіст у той жа дзень звярнуўся са скаргай у пракуратуру, у якой прасіў правесці праверку і выдаць акт пракурорскага рэагавання ў адрас кіраўніцтва Маскоўскага РУУС г. Мінска з указаннем недапушчальнасці парушэння крымінальна-працэсуальнага заканадаўства і патрабаваннем вярнуць канфіскаваныя рэчы у тэрміновым парадку.