#БезПраваНаРасправу: «Быў шчаўчок, мне падалося, што ён зняў пісталет з засцерагальніка, я адчуў - да спіны дакранулася дула»
Жыхара Століна 23 лютага супрацоўнікі міліцыі вывезлі ў лес і пагражалі пісталетам.
Пра гэта паведаміў сам затрыманы Н. ў сваім лісце да праваабаронцаў. 23 лютага ў 11-50 раніцы яму патэлефанавалі і чалавек, які тэлефанаваў сказаў, што гэта са Следчага камітэта горада Брэста турбуюць, спытаў, дзе ён знаходзіцца, і сказалі, што зараз пад'едуць. Калі ён падышоў да машыны адтуль выйшаў бацька хлопца, якому сказалі, што ён вольны, а Н. папрасілі прысесці ў машыну, што ён і зрабіў.
Далей падзеі разгортваліся імкліва. Адбыўся дыялог:
- Расказвай...
- Што расказваць?
- Ты сам ведаеш усё, расказвай!
- Я не разумею, што адбываецца.
- Хто ты па жыцці?
- Чалавек.
- У якой субкультуры ўдзельнічаеш, чалавек?
- Панк.
- Анрахіст?
- Не.
- А каго-небудзь з анархістаў ведаеш?
- Не.
Затым у Н. забралі мабільны тэлефон і пачалі гартаць фатаграфіі, адначасна пытаючыся хто на іх.
«Падчас размовы яны пачалі выпытваць пра нейкія ўлёткі. Я сказаў, што нічога не ведаю пра іх. На што быў услед адказ: «Не уключай дурня!»
Аднак, я сапраўды не ведаю ні пра якія ўлётках і да гэтага ніяк не датычны.
Далей міліцыянт, па імені Аляксандр Мікалаевіч (як я пазней даведаўся) сказаў, што можа прастрэліць мне калена і ў яго ёсць на гэта паўнамоцтва. На гэта я ніяк не адрэагаваў.
Потым яны пачалі задаваць пытанні пра іншых маіх знаёмых. Дыялог складаўся ў нас не вельмі, яны патрабавалі ад мяне імёны анархістаў, на што я адказваў, што нікога не ведаю», - піша ў сваім лісце малады чалавек.
У нейкі момант супрацоўнік Аляксандр загадаў: «Едзем у лес». Хлопцу сказалі прышпіліць рамень і пакласці рукі на бардачок.
«У лесе ён сказаў мне выйсці з машыны і трымаць рукі на відавоку, пазней даў мне закурыць цыгарэту і сказаў павольна ісці наперад, я слухаў яго загады. Неўзабаве ён спыніў і сказаў:
- Твае апошнія словы?
Я прамаўчаў. Быў шчаўчок, мне падалося, што ён зняў пісталет з засцерагальніка, я адчуў, што да маёй спіны дакранулася дула.
- Пытанні ёсць? - спытаў ён.
- Не, - адказаў я.
Некаторы час мы стаялі ў гэтай позе, і ён спрабаваў у мяне нешта даведацца, што менавіта памятаю цьмяна», - апісвае падзеі Н.
Далей усё селі ў машыну і ад'ехалі на метраў 100-200, затым спыніліся і супрацоўнікі міліцыі пачалі пагражаць, што родных хлопца звольняць з працы, і ўсяляк аказваць іншы псіхалагічны ціск.
«Аляксандр Мікалаевіч вывеў мяне з машыны і сказаў, што ён хоча пагаварыць са мной "па-сумленнаму". Ён казаў, што я нармальны хлопец, і ён не хоча, каб з-за анархістаў пакутавалі нармальныя людзі. Затым прасілі зліваць ім інфармацыю, на што я адказаў, што я не збіраюся гэта рабіць.
- Колькі часу табе даць, каб ты знайшоў анархістаў у сваім горадзе? - спытаў у мяне супрацоўнік. І сказаў, што звяжуцца са мной пазней, пры гэтым усунуў мне 10 рублёў для таго, каб я маўчаў, і ўсё, што адбываецца засталося паміж намі.
Я нічога не адказаў».
Юрыст праваабарончага цэнтра "Вясна" Наста Лойка адзначае, што ўзровень самавольства і беспакаранасці супрацоўнікаў міліцыі застаецца ранейшым, але найбольш сумныя гісторыі адбываюцца менавіта ў рэгіянальных гарадах:
«Актыўны інтарэс да людзей з пэўнымі поглядамі (у дадзеным выпадку падазрэнні ў анархістычнай заангажаванасці) з'яўляецца ўсё часцей і амаль на роўным месцы, што выклікае занепакоенасць адносна загружанасці супрацоўнікаў міліцыі раскрыццём сапраўдных злачынстваў. І такія метады працы не могуць мець месца ў прававой дзяржаве ў любым выпадку ў дачыненні да любога чалавека».
У сацыяльных сетках праваабаронцы запусцілі флэшмоб #БезПраваНаРасправу і заклікаюць надаць агалоску выпадкі, у якіх супрацоўнікі органаў МУС дзейнічалі з перавышэннем сваіх паўнамоцтваў. Пра такія выпадкі можна паведамляць у Праваабарончы цэнтр "Вясна" па тэлефоне: +375 29 8413981 або праз пошту: pierasled@spring96.org