Заяўленыя пікеты супраць пераследу прафсаюза РЭП
Актывісты прафсаюза работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП) у Мазыры, Жлобіне, Калінкавічах, Рэчыцы, Добрушы і Гомелі падалі 22 лютага заяўкі аб правядзенні ў дзень Канстытуцыі 15 сакавіка серыі пікетаў, на якіх плануюць пратэставаць супраць ўмяшання ва ўнутраныя справы незалежнага прафсаюзу, супраць выкарыстання крымінальнай справы для запалохвання яго членаў з патрабаваннем спыніць крымінальны пераслед прафсаюзных лідэраў Генадзя Фядыніча і Ігара Комліка.
Пра інфармацыі “Гомельскай Вясны”, акцыі з выкарыстаннем транспарантаў і лозунгаў, якія адлюстроўваюць мэту мерапрыемстваў, запланаваны ў форме пікетаў. У Гомелі пікет заяўлены Андрэем Стрыжаком і Леанідам Судаленка каля офіса абласнога ўпраўлення Следчага камітэта па вуліцы Войкава ў Новабеліцы.
«Мы пратэстуем супраць ціску на наш прафсаюз. Краіна не памятае крымінальных спраў, дзе сотні сяброў арганізацыі выдзіралі на допыты, прымушалі падпісваць дакументы аб невыдаванні, пагражалі позвамі па месцы працы. Гэтая крымінальная справа яркае сведчанне таго, што ўлада баіцца нашай рэальнай працы па абароне людзей працы», - заявіў намеснік старшыні гомельскага офіса РЭП Андрэй Стрыжак.
Заяўнік пікету ў Рэчыцы Алена Лінкевіч адзначыла, што ўлады пачалі і працягваюць маштабную акцыю па ліквідацыі незалежнага прафсаюзнага руху ў Беларусі.
«Супраць лідэраў нашага прафсаюза беспадстаўна распачатыя крымінальныя справы па нібыта нясплаце падаходнага падатку ў асабліва буйным памеры, накладзены арышт на прафсаюзны офіс. Зараз прафсаюзу як ніколі важная і патрэбная салідарная падтрымка», - заявіла актывістка.
Абвінавачванне па артыкуле 243 Крымінальнага кодэкса «Ухіленне ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры» прад'яўленае Генадзю Фядынічу і Ігару Комлік, які быў арыштаваны і правёў 2 месяцы пад арыштам. Абодва лідэра ў цяперашні час знаходзяцца пад падпіскай пра не выездзе. Расследаванне крымінальнай справы падоўжанае да 2 траўня. Калі справа дойдзе да суда ім пагражае ад 3 да 7 гадоў пазбаўлення волі.
У падтрымку прафсаюзных лідэраў выступаюць Глабальны саюз IndustriALL і Міжнародная канфедэрацыя прафсаюзаў. 3 жніўня 2017 гады пасля арышту Ігара Комліка праваабарончыя арганізацыі Беларусі прызналі яго палітвязнем.