viasna on patreon

Беларусь у штогадовым дакладзе Amnesty International Дакумент

2018 2018-02-22T12:38:07+0300 2018-02-22T12:53:38+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/air201718ru.png Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

22 лютага міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International прадставіла штогадовы даклад за 2017/2018 гады «Правы чалавека ў сучасным свеце», у якім прааналізаваны сітуацыі з правамі чалавека ў 159 краінах свету, у тым ліку Беларусі.

Так, у рэзюмэ да раздзелу па Беларусі адзначаецца, што з лютага па красавік улады жорстка душылі мірныя пратэсты. Урад краіны па-ранейшаму адмаўляўся прыняць мандат Спецыяльнага дакладчыка ААН па пытанні аб становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі. Некалькі чалавек, якія звярнуліся па міжнародную абарону, былі вернутыя ў краіны, дзе ім пагражаюць катаванні і іншыя віды жорсткага абыходжання. Працягвалі дзейнічаць суровыя заканадаўчыя абмежаванні ў дачыненні да СМІ, НКА, палітычных партый і публічных сходаў. Аднаго чалавека пакаралі смерцю і яшчэ чацвёра былі прыгавораныя да смерці.

Кароткая даведка

Пасля некалькіх гадоў без буйных акцый пратэсту ў лютым і сакавіку адбыліся масавыя мітынгі супраць падатку на беспрацоўных, уведзенага прэзідэнцкім дэкрэтам ў 2015 годзе. Улады задушылі пратэсты. У сакавіку 35 чалавекам былі выстаўленыя абвінавачанні ў арганізацыі масавых беспарадкаў на замежныя грошы, прычым гэта звязвалася з мітынгамі. Арышты шырока асвятляліся па тэлебачанні. У ліпені ўсіх арыштаваных адпусцілі на волю.

Працягвалася збліжэнне паміж Беларуссю і яе заходнімі суседзямі. У ліпені ў сталіцы краіны Мінску прайшла Парламенцкая асамблея АБСЕ.

Смяротнае пакаранне

У красавіку пакаралі смерцю Сяргея Вострыкава, які знаходзіўся ў камеры смяротнікаў з мая 2016 года. Пацверджанне пакарання паступіла ў Гомельскі абласны суд 29 красавіка. Яго апошні ліст маці датаваны 13 красавіка.

Смяротнага пакарання чакалі яшчэ пяцёра чалавек: Аляксей Міхаленя (Вярхоўны суд 30 чэрвеня пакінуў у сіле яго прысуд, вынесены 17 сакавіка), Ігар Гершанкоў і Сямён Беражной (абодва асуджаныя 21 ліпеня, 20 снежня Вярхоўны суд адхіліў іх апеляцыі на свае прысуды); Віктару Лётаву прысуд быў вынесены 22 верасня; Кірыл Казачок (асуджаны 28 снежня 2016 года і вырашыў не абскарджваць прысуд).

Вязні сумлення

Мноства удзельнікаў мітынгаў былі асуджаныя за мірны актывізм. Суд Заводскага раёна горада Мінску 7 красавіка замяніў умоўны тэрмін рэальным двухгадовым зняволеннем Дзмітрыю Паліенку, асуджанаму ў 2016 годзе. Прычынай ўзмацнення жорсткасці пакарання сталі дзве адміністрацыйныя справы супраць яго. Першае адміністрацыйнае пакаранне (сямідзённы арышт за "дробнае хуліганства" і "непадпарадкаванне законнаму распараджэнню ці патрабаванню службовай асобы пры выкананні ёй службовых паўнамоцтваў") было накладзена на яго 10 сакавіка 2017 гады за тое, што ён гучна абураўся прысудам на судзе, за ходам якога назіраў. Другое адміністрацыйнае пакаранне (15-дзённы арышт за "парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў") было накладзена 20 сакавіка 2017 года за яго мірную акцыю пратэсту супраць будаўніцтва будынка ў цэнтры Мінска 25 лютага. Першапачатковы ўмоўны прысуд да двух гадоў пазбаўлення волі Дзмітрыю Паліенку быў вынесены за тое, што ён нібыта напаў на супрацоўніка ДАІ падчас акцыі пратэсту веласіпедыстаў у Мінску ў красавіку 2016 года.

Cвабода сходаў

У лютым і сакавіку тысячы людзей па ўсёй краіне выходзілі на мірныя мітынгі супраць падатку на беспрацоўных. Некаторыя арганізатары і ўдзельнікі паведамлялі пра пераследы з боку міліцыі, у тым ліку кароткачасовых затрыманнях і выкліках на допыт. Так, 25 сакавіка міліцыя не дала правесці мірны мітынг у цэнтры Мінска і затрымала сотні людзей, у тым ліку ў некаторых выпадках з перавышэннем сілы. Некалькіх пратэстуючых праваахоўнікі жорстка збілі падчас затрыманняў і знаходжання пад вартай у органах унутраных спраў.

З лютага па красавік у сувязі з акцыямі пратэсту было затрымана больш за 900 чалавек, у тым ліку палітычных актывістаў, якім не давалі патрапіць на мітынгі, і журналістаў. Не менш 177 чалавек былі прызнаныя вінаватымі ў меркаваных адміністрацыйных правапарушэннях і аштрафаваныя альбо арыштаваныя на тэрміны ад пяці да 25 сутак. Ва ўсіх выпадках, акрамя аднаго, затрыманых судзілі сумарна: усе суды аднолькава без пытанняў прымалі рапарты міліцыянтаў у якасці доказаў віны.

Cвабода аб'яднанняў

Захоўваліся жорсткія абмежаванні дзейнасці НКА. Згодна з артыкулам 193.1 Крымінальнага кодэкса, установа незарэгістраванай арганізацыі і ўдзел у яе дзейнасці лічылася злачынствам, якія прадугледжваюць пакаранне аж да двух гадоў пазбаўлення волі.

У праваабарончай арганізацыі «Вясна» 25 сакавіка супрацоўнікі АМАПу ў масках правялі ператрус і затрымалі ўсіх 57 чалавек, якія прысутнічалі ў офісе. Сярод іх былі беларускія і замежныя праваабаронцы і журналісты, якія прыйшлі туды на інструктаж для назіральнікаў за дэманстрацыямі. Іх пратрымалі ў РУУС тры гадзіны, а потым адпусцілі без прад'яўлення абвінавачванняў. Аднаму з затрыманых спатрэбілася шпіталізацыя ў сувязі з траўмамі галавы, атрыманымі пры затрыманні.

Свабода выказвання меркаванняў

Усім работнікам замежных СМІ патрабавалася афіцыйная акрэдытацыя, і ім у ёй пастаянна і адвольна адмаўлялі. За адсутнасць акрэдытацыі было затрымана і аштрафавана больш за 100 журналістаў друкаваных выданняў, радыёстанцый і тэлеканалаў, прычым некаторых затрымлівалі неаднаразова. Як мінімум у васьмі выпадках журналістаў, якія асвятлялі акцыі пратэсту, затрымлівалі як удзельнікаў і асуджвалі да адміністрацыйных арыштаў на тэрміны ад пяці да 15 дзён.

Журналістку з Гомеля (паўднёвы ўсход Беларусі) Ларысу Шчыракову затрымалі і аштрафавалі, наколькі вядома, за трансляцыю мітынгу. Паводле яе слоў, у міліцыі яе папярэдзілі, што ў выпадку наступных адміністрацыйных правапарушэнняў яе сям'і можа быць нададзены статус «сацыяльна-небяспечнага становішча», і тады яе 11-гадовага сына забяруць у дзіцячы дом.

Прававыя, канстытуцыйныя і інстытуцыйныя змены

У краіне працягваў дзейнічаць падатак на беспрацоўных, і яго нявыплата пагражала адміністрацыйным штрафам і абавязковымі грамадскімі працамі. У сакавіку пасля мітынгаў супраць падатку прэзідэнт даручыў ураду прыпыніць збор падатку да 2018 года, а ў жніўні паабяцаў адмяніць яго для «шматдзетных, хворых і інвалідаў». Адпаведныя змены былі ўнесены ў кастрычніку.

Бежанцы і просьбіты прытулку

У Беларусі адсутнічала працуючая сістэма прадастаўлення прытулку. Улады неаднаразова выдавалі асобаў, якія звярнуліся па міжнародную абарону, у краіны, дзе ім могуць пагражаць катаванні і іншыя віды жорсткага абыходжання.

Прымусовыя вяртанні

У Расею 5 верасня быў прымусова вернуты этнічны чачэнец Імран Саламаў, які сцвярджаў, што яго шматразова катавалі ў Чачні. На момант высылкі ён спрабаваў абскардзіць адмову ў прадастаўленні прытулку. Чачэнскія ўлады 11 верасня пацвердзілі, што ён знаходзіцца пад вартай паліцыі ў сталіцы Чачні, горадзе Грозным. Аднак з тых часоў ён ні разу не звязаўся ні з адвакатам, ні са сваякамі, і па стане на канец года яго месцазнаходжанне заставалася невядомым. Пасля яго прымусовага вяртання беларускія ўлады правялі праверку і ўстанавілі, што мела месца парушэнне беларускага заканадаўства, і што Імрана Саламава заўчасна выслалі з Беларусі. У дачыненні да некалькіх супрацоўнікаў, якія маюць дачыненне да яго справы, была ўзбуджаная дысцыплінарная вытворчасць, якая да канца года яшчэ не завяршылася.

У снежні 2016 года па запыце Азербайджана на тэрыторыі Беларусі быў затрыманы расійска-украінска-ізраільскі блогер Аляксандр Лапшын. У лютым ён быў экстрадаваны ў Азербайджан, дзе яго адвольна затрымалі і судзілі ў сувязі з публікацыямі ў яго блогу з крытыкай на адрас азербайджанскіх уладаў. Аляксандра Лапшына прысудзілі да трох гадоў пазбаўлення волі, а 11 верасня ён атрымаў памілаванне прэзідэнта і быў адпушчаны на волю.

Файлы

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства