Справаздача па маніторынгу мітынгу за дэкрыміналізацыю марыхуаны ў Мінску
17 лютага 2018 гадоў у горадзе Менску праходзіў пікет у падтрымку адмены крымінальнага пакарання за захоўванне кантраляваных рэчываў у малых колькасцях.
Высновы:
- Мерапрыемства насіла мірны характар на працягу ўсяго перыяду яго правядзення (калі "арганізатары маюць мірныя намеры, удзельнікі мерапрыемства не здзяйсняюць гвалтоўных дзеянняў і не прызываюць да гвалту").
- Паколькі мірны сход праводзіўся ў межах перадвыбарчай агітацыі кандыдата ў мясцовыя Саветы дэпутатаў 28-га склікання Краснакуцкага Мікіты (у рамках арт. 45-1 Выбарчага кодэкса), адзначаем, што дадзеная працэдура правядзення пікетаў у большай ступені адпавядае міжнародным стандартам права на свабоду мірных сходаў і выказвання меркавання.
- Станоўчым фактарам можна адзначыць папярэднюю згоду арганізатараў акцыі на камунікацыю з групай назіральнікаў і прадстаўленне ўсёй неабходнай інфармацыі, якая тычыцца яе правядзення.
- У ходзе назірання за мерапрыемствам не ўяўлялася магчымым ідэнтыфікаваць супрацоўнікаў праваахоўных органаў.
- Супрацоўнікі праваахоўных органаў не перашкаджалі ажыццяўленню назірання і працы СМІ.
Метадалогія маніторынгу
РПГА "Беларускі Хельсінкскі Камітэт" і Праваабарончы цэнтр "Вясна" праводзяць сістэматычнае назіранне за масавымі мерапрыемствамі ў Рэспубліцы Беларусь на падставе распрацаванай метадалогіі маніторынгу. Яна ўключае ў сябе: набор і навучанне назіральнікаў прынцыпам грамадскага кантролю, міжнародным стандартам правядзення мірных сходаў і метадалогіі назірання; запаўненне анкеты назірання падчас вочнага кантролю; апрацоўка анкет і напісанне маніторынгавай справаздачы. Анкеты назірання за масавымі мерапрыемствамі сумесна распрацаваны праваабарончымі арганізацыямі і ўключаюць пытанні аб магчымасці выканання назіральнікамі і журналістамі сваіх функцый, аб паводзінах арганізатараў і ўдзельнікаў масавага мерапрыемства, супрацоўнікаў органаў аховы правапарадку, а таксама наяўнасць на масавым мерапрыемстве хуткай дапамогі. Назіральнікі дапускаюцца да назірання толькі ў выпадку згоды на выкананне правіл і прынцыпаў назірання (незалежнасць і палітычная нейтральнасць; апісанне фактаў, а не меркаванняў; неўмяшанне ў падзею, за якой назіраюць; прыхільнасць прынцыпам права: адмова ад любых формаў гвалтоўных дзеянняў і дыскрымінацыйных практык; карэктныя паводзіны). Падчас выканання сваіх абавязкаў назіральнікі трымаюцца асобна ад удзельнікаў. Яны пазначаныя бэйджамі назіральніка і сінімі камізэлькамі з надпісам "#controlBY".
Папярэдняя інфармацыя
Назіральнікі даведаліся аб правядзенні акцыі з сацыяльных сетак.
Мерапрыемства праходзіла ў рамках перадвыбарчай агітацыйнай кампаніі кандыдата ў дэпутаты, якая рэгулюецца выбарчым заканадаўствам. Гэта дазваляла праводзіць мерапрыемствы ў адпаведнасці з паведамляльным прынцыпам.
За правядзеннем масавага мерапрыемства бесперапынна ажыццяўлялі маніторынг 3 назіральніка, якія прайшлі адпаведнае навучанне і былі пазначаныя належным чынам.
Ход масавага мерапрыемства
Падчас масавага мерапрыемства былі зафіксаваныя наступныя факты:
- Акцыя пачалася ў 13:00 каля дома 23 на праспекце Незалежнасці.
- Колькасць удзельнікаў склала 10 чалавек.
- Удзельнікі выкарыстоўвалі наступныя транспаранты і сімволіку: транспарант з тэкстам, які паказвае антыгуманнасць падтрымкі крымінальнага пераследу за ўжыванне псіхаактыўных рэчываў, расцяжка з тэкстам "LEGALIZE BELARUS", нацыянальны бел-чырвона-белы сцяг, дзяржаўны сцяг.
- Удзельнікі акцыі, выкарыстоўваючы мегафон, заклікалі людзей падтрымаць іх кампанію па дэкрыміналізацыю захоўвання марыхуаны, падпісаць петыцыю, даносілі інфармацыю аб нялюдскім звароце ў месцах пазбаўлення волі з асуджанымі па артыкуле 328 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь.
- Удзельнікі пікету раздавалі ўлёткі і прапаноўвалі грамадзянам, якія праходзяць міма падпісаць петыцыю за адмену адказнасці за ўжыванне марыхуаны.
- Падчас пікету ахову грамадскага правапарадку здзяйснялі 9 супрацоўнікаў праваахоўных органаў у цывільным, два супрацоўнікі АМАПу, на скрыжаванні дзяжурыў супрацоўнік ДАІ.
- Супрацоўнікі праваахоўных органаў камунікацыю з назіральнікамі не падтрымлівалі.
- Акцыю асвятлялі СМІ. Перашкодаў у працы СМІ і назіральнікаў не было.
- Пікет скончыўся ў 16:00
Па выніках Пётр Маркелаў, адзін з арганізатараў пікету паведаміў, што пра рух "LEGALIZE BELARUS" адкрыта збірае інфармацыю Галоўнае ўпраўленне па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь, што можна расцэньваць як ціск.
Увечары таго ж дня, у вячэрнім эфіры тэлеканала "Беларусь 1" выйшаў сюжэт, у якім мэта акцыі падавалася скажона, крытыкавалася сама свабода сходаў, словы удзельнікаў і арганізатараў пікету, а так жа прыхільнікаў руху даваліся вырванымі з кантэксту.
Рэкамендацыі
Супрацоўнікам праваахоўных органаў:
* Спыніць практыку ціску на ўдзельнікаў мірных акцый, паколькі гэта супярэчыць міжнародным абавязацельствам у галіне мірных сходаў, якія Рэспубліка Беларусь узяла на сябе.
* Ажыццяўляць ахову мірных акцый галосна і адкрыта, каб ва ўдзельнікаў, журналістаў і назіральнікаў было выразнае разуменне ролі і функцый супрацоўнікаў праваахоўных органаў.
* Пазначаць кантактную асобу з ліку супрацоўнікаў міліцыі для камунікацыі з арганізатарамі масавага мерапрыемства, журналістамі і назіральнікамі.
Суб'ектам, якія валодаюць правам заканадаўчай ініцыятывы:
* Ініцыяваць змены ў заканадаўства, якое рэгулюе свабоду сходаў, з мэтай прывядзення яго ў адпаведнасць з міжнароднымі стандартамі ў галіне свабоды мірных сходаў і выказвання меркаванняў.
Сродкам масавай інфармацыі:
* Дзейнічаць у адпаведнасці з кодэксам паводзінаў, веданне якога мусіць быць замацавана ў ходзе навучання, арганізаванага галоўнымі рэдактарамі для сваіх супрацоўнікаў (даклад АБСЕ «Стаўленне да сродкаў масавай інфармацыі падчас правядзення палітычных дэманстрацый», кіруючыя прынцыпы АБСЕ па свабодзе мірных сходаў).