Справу супраць аператара "Белсата" Андруся Козела адправілі на дапрацоўку Дапоўнена

2018 2018-02-19T20:27:00+0300 2018-02-19T22:22:29+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/andrus_kozel.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Андрусь Козел. Фота: belsat.eu

Андрусь Козел. Фота: belsat.eu

Суд Цэнтральнага раёна г. Мінска разгледзіў спаву ў дачыненні Андруся Козела, якога вінавацілі ў непадпарадкаванне міліцыі, паведамляе БАЖ. Ноч ён правёў у ЦІП на Акрэсціна.

Да абеда было невядома, дзе ж знаходзіцца журналіст. Па стане на 12-40 Андруся Козела так і не прывезлі ў будынак суда. Разам з тым у ізалятары часовага ўтрымання па вуліцы Акрэсціна заявілі, што а 10 раніцы яго павезлі ў суд. Але калегі, якія чакалі побач з будынкам суда, дзе і мусіў адбыцца працэс, так і не ўбачылі Андруся.

На сайце ГУУС Мінгарвыканкама агучаная версія міліцыянтаў — як разгортваліся падзеі вечарам 18 лютага ў асноўны дзень галсавання на выбарчых участках.

«Увечары 18 лютага на выбарчым участку № 27 па вуліцы В. Харужай быў затрыманы і дастаўлены для далейшага разгляду ў Цэнтральнае РУУС г. Мінска назіральнік А. Козел. Падставай для затрымання паслужылі задзірлівыя дзеянні назіральніка і яго адмова выканаць законныя патрабаванні старшыні выбарчай камісіі па спыненні відэаздымкі падчас падліку вынікаў галасавання.

Права на вядзенне відэаздымкі грамадзянін патлумачыў прыналежнасцю да аднаго з замежных СМІ, якія не маюць акрэдытацыі ў Рэспубліцы Беларусь. З мэтай спынення супрацьпраўных дзеянняў старшыня камісіі звярнуўся да супрацоўніка міліцыі, якая ажыццяўляла нясенне службы на выбарчым участку. Прадстаўніком праваахоўных органаў былі дадзены выразныя тлумачэнні грамадзяніну аб парушэнні парадку, якое мела месца, прапанавана спыніць відэаздымкі і выканаць законныя патрабаванні старшыні выбарчай камісіі.

А. Козел дадзены зварот праігнараваў, аказаў актыўнае непадпарадкаванне супрацоўніку міліцыі, схапіў супрацоўніка за форменнае абмундзіраванне. Для спынення супрацьпраўных дзеянняў у дачыненні да назіральніка была ўжытая фізічная сіла. Падчас выдварэння А. Козел нагой пашкодзіў шыбу дзвярэй выбарчага ўчастка.

Грамадзянін дастаўлены ў цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў ГУУС Мінгарвыканкама, яго дзеянням будзе дадзена прававая ацэнка».

Каля 14 гадзін Андруся Козела прывезлі да будынка суда, аднак больш за гадзіну ён сядзіць у міліцэйскай машыне побач з будынкам суда.

Пачатак працэсу прызначаны на 15.30, справу разгледзіць суддзя Іван Касцян

Перад пачаткам працэсу Андрусь Козел распавёў, што ўчора супрацоўнікі міліцыі білі яго па галаве. У журналіста на ілбе ёсць сляды ад удараў. Андрусь сказаў, што ў яго цяпер баліць галава. А на просьбы аказаць медычную дапамогу ніхто з міліцыянтаў не адгунуўся.

Андрусь Козел у судзе. Фота: baj.by
Андрусь Козел у судзе. Фота: baj.by

У 15.55 пачаўся працэс. Андрусь Козел заявіў, што ў яго кружыцца і баліць галава і папрасіў адказваць на пытанні суддзі седзячы. Суддзя дазволіў. Суд агучыў пратакол супраць Козела.

Журналіста вінавацяць у тым, што ён адмаўляўся выконваць патрабаванні міліцыі, не спыніў трансляцыю з участка і не пакінуў яго.

Абараняе Козела адвакат Сяргей Зікрацкі. У судзе аб'яўлены перапынак на 20 хвілін, каб журналіст і адвакат маглі азнаёміцца з матэрыяламі справы.

Пасля перапынку працэс аднавіўся. Адвакат заявіў хадайніцтва праглядзець відэа, якое ўчора здымаў Андрусь Козел на ўчастку. Сяргей Зікрацкі прадставіў запіс на дыску. Суддзя задаволіў хадайніцтва і далучыў відэа да матэрыялаў справы.

Адвакат таксама папрасіў дапытаць сведку здарэння — Францішка Дзядова. Хадайніцтва задаволілі.

Адвакат папрасіў выклікаць у якасці сведак усіх сябраў выбарчай камісіі, дзе адбыўся інцыдэнт. Хадайніцтва адхілілі.

Андрусь Козел заявіў хадайніцтва, каб пасля працэсу яго накіравалі на агляд у медычную установу для агляду. Суддзя заявіў, што хадайніцтва будзе разгледжана разам са справай. Потым дапыталі самога журналіста, які распавёў, што быў даверанай асобай кандыдата Мікалая Казлова, назіраў за выбарамі і вёў трансляцыю ў Facebook. Міліцыянты патрабавалі спыніць трансляцыю, але не маглі патлумачыць, на якой падставе. Козел у сваю чаргу тлумачыў, што меў права ўздымаць.

Пасля гэтага міліцыянты выцягнулі Козела з залі.

«Супрацоўнікі міліцыі наносілі мне ўдары па галаве, а таксама маёй галавой разбілі шкляныя дзверы на ўчастку для галасавання», - заявіў у судзе Андрусь Козел.

Пасля гэтага затрыманага даставілі ў міліцыю, а пратакол складалі ўжо тады, калі завезлі на Акрэсціна.

У сваім выступе Андрусь Козел неаднаразова падкрэсліў, што, згодна з заканадаўствам, забароны здымаць на выбарчым участку няма, і прывёў шэраг спасылак на Выбарчы кодэкс, Канстытуцыю, Закон аб інфармацыі, інфарматызацыі і абароне інфармацыі.

Наступным у судзе апытваюць міліцыянта Уладзіслава Бушынскага, які, як кажа Козел, затрымліваў яго і збіваў.

Прапаршчык міліцыі Уладзіслаў Бушымскі, які збіваў Андруся Козела. Фота з сацсетак
Прапаршчык міліцыі Уладзіслаў Бушымскі, які збіваў Андруся Козела. Фота з сацсетак

Міліцыят заявіў, што Козел здымаў падлік галасоў і на заўвагі не рэагаваў. Старшыня камісіі папрасіў выправадзіць Андруся Козела з памяшкання. Перад дзвярыма Козел пачаў супраціўляцца, упёрся нагой і выціснуў шкло.

Была прымененая сіла, у выніку чаго Андрусь Козел зваліўся на падлогу і, магчыма, нанёс гэтым сабе цялесныя пашкоджанні.

Міліцыянт Уладзіслаў Бушынскі заявіў, што назіральнік «неаднаразова перашкаджаў камісіі падлічваць галасы, бо здымаў камісію на відэа».

Апытанне міліцыянта працягнуў Сяргей Зікрацкі. На пытанне адваката Уладзіслаў Бушынскі заявіў, што не ведае выбарчага заканадаўства і толькі выконваў патрабаванне старшыні камісіі. Міліцыянт заявіў, што Козел зламаў яму пагон на левым плячы, калі аказваў актыўнае непадпарадкаванне.

Пасля невялікага перапынку справу супраць Андруся Козела адправілі на дапрацоўку. Суд пастанавіў на гэты час вызваліць затрыманага з-пад варты.

Андрусь Козел мае намер звярнуцца па медычную дапамогу, зафіксаваць нанесеныя яму цялесныя пашкоджанні і абскардзіць дзеянні супрацоўнікаў міліцыі.

Тое, што суд адправіў справу на дапрацоўку, журналіст лічыць пазітыўным знакам, бо перакананы, што ў яго дзеяннях не было складу злачынства.

Нагадаем, учора ў Беларусі адбываліся выбары ў мясцовыя саветы дэпутатаў. Міліцыянты збілі Андруся Козела падчас затрымання, яго галавой разбілі шкляныя дзверы на выбарчым участку, таму ўся галава была ў крыві.

Журналіст вёў стрым з выбарчага ўчастка.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства