viasna on patreon

Міхаіл Жамчужны намераны звяртацца ў ДВП наконт пераводу ў іншую калонію

2018 2018-02-17T15:16:45+0300 2018-03-02T15:27:51+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/zhamchuzhny.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Міхаіл Жамчужны. Фота: svaboda.org

Міхаіл Жамчужны. Фота: svaboda.org

8 лютага скончыўся месячны тэрмін утрымання палітвязня Міхаіла Жамчужнага ў ПКТ папраўчай калоніі №9 г. Горкі. Як стала вядома Праваабарончаму цэнтру “Вясна”, у гэты ж дзень ён атрымаў чарговае спагнанне – 10 сутак змяшчэння ў ШІЗА. Прычына ранейшая: адмова пераходзіць у атрад, сфармаваны са зняволеных з “нізкім статусам”.  Гэта ўжо 19-е спагнанне, накладзенае на Міхаіла Жамчужнага са жніўня 2017 года пасля пераводу ў горацкую калонію.

Падчас знаходжання Міхаіла Жамчужнага ў ПКТ яго двойчы наведваў прадстаўнік Магілёўскай абласной пракуратуры, рэагуючы на скаргі аб непрадастаўленні адміністрацыяй калоніі бяспечных умоваў утрымання, а таксама на скаргі аб пагрозах з боку спецкантынгенту, якія, па меркананні палітвязня, арганізаваны адміністрацыяй. Праверка пакуль не завершана.

У пракуратуру і адміністрацыі калоніі накіраваны скаргі адносна нападу на Міхаіла Жамчужнага 24 студзеня невядомым у чорных акулярах, чорнай шапцы і пальчатках у калідоры санчасткі выпраўленчай установы. Аператыўныя супрацоўнікі калоніі ўжо ўзялі тлумачэнні палітвязня, але вынікі праверкі інцыдэнту пакуль невядомыя.

Няма пакуль і вынікаў праверкі фактаў, звязаных з некалькімі эпізодамі харчовага атручвання Міхаіла Жамчужнага, якія мелі месца ў канцы снежня 2017 года і 28 студзеня бягучага года. 12 лютага па дадзеных эпізодах з палітвязнем сустракаліся прадстаўнікі санэпідэмстанцыі пасля атрыманых скаргаў ад праваабаронцаў. Зараз Жамчужны пастаўлены медыкамі на чаргу на правядзенне рэнтгену страўніка.

Міхаіл Жамчужны актыўна абскарджвае накладзеныя на яго спагнанні і ў судовым парадку. Атрымаўшы на днях з упраўлення ДВП па Магілёўскай вобласці адмову ў задавальненні скаргі на вынесеныя спагнанні ў верасні-кастрычніку 2017 года (4 верасня – адзін месяц ПКТ, 5 кастрычніка – 10 сутак ШІЗА, 16 кастрычніка – 10 сутак ШІЗА, 26 кастрычніка – пяць сутак ШІЗА), палітвязень накіраваў скаргу па дадзеных спагнаннях у Горацкі раённы суд.

У гэты ж суд накіравана таксама скарга на вынесенае 23 студзеня бягучага года спагнанне ў выглядзе 3 сутак ШІЗА (яно было вынесена падчас знаходжання Жамчужнага ў ПКТ, падставай адміністрацыя назвала невыкананне прыборкі памяшкання).

На 10 гадзін раніцы 5 сакавіка ў Магілёўскім абласным судзе прызначаны разгляд касацыйнай скаргі на рашэнне Горацкага раённага суда ад 23 студзеня, які адмовіў у задавальненні скаргі на папярэднія 3 спагнанні, вынесеныя ў жніўні 2017 года.  

Адстойваючы сваю чалавечую годнасць і змагаючыся за бяспеку жыцця і здароўя, Міхаіл Жамчужны намераны бліжэйшым часам звярнуцца ў Дэпартамент выканання пакаранняў аб пераводзе яго з ПК №9 г. Горкі ў іншае месца адбыцця пакарання.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства