Якія пагрозы праваабаронцы бачаць у прэзідэнцкім дэкрэце №1?
Пакуль міністры, журналісты і актывісты спрачаюцца аб тым, якія паслугі можна будзе прад'явіць да аплаты «дармаедам», праваабаронцы ўжо бачаць пагрозы асноўным правам, закладзеныя ў тэксце дэкрэта прэзідэнта №1. З гэтага пункту гледжання дакумент прааналізаваў праваабаронца "Вясны" Павел Сапелка.
Напачатку хачу са здавальненнем заўважыць, што ў дэкрэце ўжо няма высакамоўнай, але зусім памылковай і недарэчнай ў разглядаемым кантэксце спасылкі на канстытуцыйны абавязак выплачваць падаткі як падставу ўвядзення нейкіх дадатковых пабораў. Мы мелі рацыю, калі сцвярджалі, што абавязак выплачваць падаткі ўзнікае толькі тады, калі з'яўляецца падаткаабкладаемая база: нерухомасць - для падатку на нерухомасць, даход або пэўная дзейнасць - для падаходнага падатку і т.п.
Асноўным інструментам кампенсацыі дзяржавай «недаатрыманага» даходу ад падатковых і іншых плацяжоў тых, хто будзе Саветам Міністраў аднесены да катэгорыі працаздольных грамадзянаў, якія не ўдзельнічаюць у эканоміцы (новы тэрмін для абазначэння «дармаедаў») стане пазбаўленне іх льготаў: па аплаце выдаткаў, якія субсідыруюцца, атрыманні субсідый. Відавочна, сферай правядзення чарговага эксперыменту стане жыллёва-камунальная гаспадарка.
Канстытуцыйна гэта? Пазбаўленне льготаў, з майго пункту гледжання, наўрад ці можа быць аднесенае да парушэння правоў чалавека, хіба што ўлады пазбаўлялі б гэтых льготаў на дыскрымінацыйных падставах: па прыкмеце прыналежнасці да пэўнай расы, нацыянальнасці, вызнання пэўнай рэлігіі, напрыклад.
З іншага боку, у дэкрэце закладзеныя асновы для пазбаўлення асобных катэгорый грамадзянаў асноўных правоў, якiя прызнаюцца Канстытуцыяй і міжнароднымі абавязальніцтвамі Беларусі. Новыя ахвяры дэкрэта - «працаздольныя непрацуючыя грамадзяне, якія вядуць асацыяльны лад жыцця», якія, паводле сэнсу дэкрэта, будуць накіроўвацца ў ЛПП. Хто трапіць у гэтую катэгорыю - пакуль невядома; ураду даручана да 1 красавіка гэтага года падрыхтаваць адпаведныя прапановы прэзідэнту.
З глыбокім шкадаваннем трэба канстатаваць, што, хутчэй за ўсё, шырокую грамадскасць канстытуцыйныя правы гэтай катэгорыі грамадзянаў не хвалююць.
Вернемся крыху назад. У спадчыну ад СССР Беларусі дасталіся лячэбна-працоўныя прафілакторыі (ЛПП), праз якія штогод праходзяць некалькі тысяч чалавек. Адначасова ў ЛПП ў 2016 і 2017 годзе ўтрымліваліся больш за 6 700 чалавек. У ЛПП ва ўмовах фактычнага пазбаўлення волі ўтрымліваюцца тэрмінам да паўтары гады не здзейсніўшыя злачынстваў грамадзяне, якія пакутуюць на алкагалізм, і абавязаныя асобы (катэгорыя грамадзян, абавязаных кампенсаваць дзяржаве кошт утрымання адабраных у іх непаўналетніх дзяцей у адпаведнасці з выдадзеным ў 2006 годзе дэкрэтам №18), якія парушылі працоўную дысцыпліну ў стане ап'янення. Абавязаным асобам забараняецца адчужаць нерухомую маёмасць і транспартныя сродкі, якія належыць ім. Непрацуючыя абавязаныя асобы, а таксама працуючыя абавязаныя асобы, якія пакрываюць выдаткі па ўтрыманні дзяцей у добраахвотным парадку па заяве, але не ў поўным аб'ёме, падлягаюць прымусоваму працаўладкаванню. Яны могуць быць выселеныя з уласных жылых памяшканняў для здачы гэтых памяшканняў у арэнду. У пашпарце абавязанай асобы прастаўляецца адпаведны штамп. За адсутнасць на працы на працягу працоўнага дня без уважлівай прычыны абавязаныя асобы ў пазасудовым парадку па пастанове органа ўнутраных спраў падвяргаюцца адміністрацыйнаму арышту з накіраваннем на прымусовыя працы.
Дык вось: ніякіх пярэчанняў адносна існавання ЛПП і абмежаванні канстытуцыйных правоў абавязаных асобаў шырокая грамадскасць уладам не выказвае. Наадварот, часцей сустракаецца здавальненне карнымі мерамі, якія ўжываюцца ў дачыненні да гэтай катэгорыі суайчыннікаў. Калі запрацуе запушчаны дэкрэтам №1 працэс, канчатковая зачыстка асацыяльных асобаў з накіраваннем іх у «працоўныя лагеры» выйдзе на новы ўзровень, закрануўшы хутчэй за ўсё і тых, хто не здзяйсняе правапарушэнняў.
Між тым, яшчэ ў 2013 годзе Камітэт па эканамічных, сацыяльных і культурных правах ААН вынес рэкамендацыі ў выніку разгляду ўрадавай справаздачы аб выкананні адпаведнага пакта і сумеснай альтэрнатыўнай справаздачы "Вясны" і Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека, у якой праваабаронцы апісвалі сітуацыю з катэгорыяй абавязаных асобаў. І сутнасць рэкамендацый Камітэта заключалася як раз у тым, каб ўрад не прымяняла рэпрэсіўныя меры да гэтых катэгорый грамадзян, а выкарыстоўвала іншыя метады іх сацыяльнай рэадаптацыі, якія б не мелі рэпрэсіўнага характару. Таксама Камітэт па нормах і стандартах Міжнароднай арганізацыі працы (МАП) звярнуў увагу беларускіх уладаў на неабходнасць прывесці нацыянальнае заканадаўства ў адпаведнасць з патрабаваннямі канвенцыі №29 МАП, якая абвяшчае забарону на прымусовую працу. Гаворка ішла, у тым ліку, пра Закон «Аб парадку і ўмовах накіравання грамадзянаў у лячэбна-працоўныя прафілакторыі і ўмовы знаходжання ў іх» і пра дэкрэт прэзідэнта №18 ад 24 лістапада 2006 года «Аб дадатковых мерах па дзяржаўнай абароне дзяцей у "праблемных сем'ях"».
Так што можна ўпэўнена канстатаваць, што ўлады ў чарговы раз не змаглі адысці ад звычкі вырашаць сацыяльныя праблемы праз абмежаванне правоў і свабодаў, але абураць гэты факт будзе, відаць, толькі праваабаронцаў.