#БезПраваНаРасправу: “Мяне цягнулі ў карцэр, я думаў, што проста памру там”
У Праваабарончы цэнтр “Вясна” звярнуўся мінскі мастак-ілюстратар Аляксей Жалібо, які распавёў пра здзекі з боку супрацоўнікаў міліцыі з РУУС Кастрычніцкага раёна г. Мінска.
Ноччу 31 студзеня хлопец з сябрам засядзеліся ў бары, вырашылі выклікаць таксі, каб дабрацца да дому. Акрамя таго, Аляксей стаў сябе не вельмі добра адчуваць, бо мае захворванне сардэчна-сасудзістай сістэмы. Сеўшы ў таксі, хлопец патлумачыў вадзіцелю, што спачатку трэба адвесці да дому яго, а потым ягонага сябра, бо аплочваць паездку будзе апошні.
Аднак, па невядомай прычыне вадзіцель таксі спачатку адвез да дому сябра, той падняўся ў кватэру за грашыма, але не вярнуўся – як потым высветлілася, ён заснуў. Грошай у Аляксея Жалібо не аказалася, і таксіст спачатку адвез хлопца ў апорны пункт, але ён аказаўся зачынены, а потым наўпрост выклікаў міліцыю.
“Гэта выглядала як рэйдарскі захоп: пад’ехаў УАЗік і пад’ехаў таксіст, мяне перахапілі і кінулі ў міліцэйскую машыну, павезлі ў РУУС Кастрычніцкага раёна Мінска. Ніхто мне не прадстаўляўся, ў аддзяленні пасадзілі побач з бамжом і нават не апыталі”, - дзеліцца ўражаннямі Аляксей Жалібо.
Праз некаторы час да хлопца падыйшоў супрацоўнік міліцыі, які таксама не прадстаўляўся, пачаў грубіць і лаяцца, відаць, таму, што Аляксей Жалібо быў нецвярозы. Хлопец папрасіў ручку і ліст паперы, каб напісаць заяву, а таксама выклікаць яму хуткую дапамогу, бо ў яго рэзка падняўся ціск. У адказ на гэта – супрацоўнікі міліцыі пасмяяліся і пачалі хлопца ігнараваць.
“Я нікога не абражаў, не лаяўся, а прасіў выклікаць хуткую. Аднак, мяне пачалі цягнуць да жалезнага стула, прыпаянага да падлогі, пасадзілі на яго і так туга закавалі ў кайданкі, я нават парухацца не мог. І гэта пры тым, што я гіпертонік. Цяпер у мяне засталіся крывападцёкі на руках”, - распавёў Аляксей.
Адзін з супрацоўнікаў прынес хлопцу нейкія бумагі, якія прапанаваў прачытаць і падпісаць. Аднак, Аляксей Жалібо паспеў пабачыць толькі некалькі радкоў, як міліцыянер запытаў яго, ці будзе ён падпісваць паперы, недаўшы дачытаць цалкам. Затрыманы абурыўся, што нічога не прачытаў і не можа проста так падпісаць паперы, аднак яму прыгразілі тым, што змясцяць у карцэр да суда.
“Мяне ўжо пачалі цягнуць у карцэр, я кажу ім, што калі вы мне хуткую зараз не выклічыце, я проста памру там. Яны запыталіся: “Ты падпісваць будзеш?”
Я папрасіў даць прачытаць, а потым падпісаць. Але міліцыянеры сказалі, што не дадуць. І я быў вымушаны згадзіцца і падпісаў бумагі не чытаючы”, - падкрэсліў Аляксей.
Пасля гэтага яго выкінулі з РУУС, ён спрабаваў туды вярнуцца і напісаць скаргу, але дзверы яму ніхто не адчыніў.
Аляксей Жалібо ўжо звярнуўся са скаргай на парушэнне яго правоў і дзеянні супрацоўнікаў міліцыі у Галоўнае ўпраўленне ўласнай бяспекі, а таксама збіраецца падаць адпаведную заяву і ў Следчы камітэт, каб прыцягнуць вінаватых службовых асобаў да адказнасці.
У сацыяльных сетках праваабаронцы запусцілі флэшмоб #БезПраваНаРасправу і заклікаюць надаць агалоску выпадкі, у якіх супрацоўнікі органаў МУС дзейнічалі з перавышэннем сваіх паўнамоцтваў:
«Давайце разам прабіваць сцяну маўчання, страху і беззаконня!», - кажуць праваабаронцы.