viasna on patreon

ВІЦЕБСКІМ СЯБРАМ АГП ПРЫСУДЗІЛІ ШТРАФЫ ДЫ ПАПЯРЭДЖАНЬНІ

2002 2002-09-13T10:00:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

12 верасьня завяршыўся судовы працэс над віцебскімі сябрамі АГП, якія 30-га ліпеня зладзілі дзьве несанкцыяваныя акцыі з нагоды дня народзінаў Аляксандра Лукашэнкі.

Нагадаем, што ў той дзень сямёра сяброў АГП выйшлі да вядомага ў Віцебску “Сіняга дому” з плякатамі ды нацыянальным бел-чырвона-белым сьцягам. Праз пэўны час пікет перарос у шэсьце: удзельнікі акцыі рушылі па вуліцы Замкавай ды Кіраўскім мосьце, трымаючы паперадзе свае калёны плякаты са словамі “Ня выканаў абяцаньні – сыходзь!” ды “Зрабі сабе падарунак – сыдзі сам!” Праз гадзіну ад пачатку акцыі сяброў АГП затрымалі міліцыянты.

Цягам судовага працэсу, які распачаўся ўчора, усе падсудныя прызналі, што несанкцыяваныя акцыі праводзілі сьвядома. Сёньня судзьдзя Сьвятлана Туфан вынесла свой прысуд: Аксане Краўцовай, Надзеі Шакаліс, Яўгену Канстанцінаву, Аляксандру Кабяку ды Алегу Шульгіну абвешчанае адміністратыўнае папярэджаньне, а Вадзіму Краўцову ды Аляксандру Бакуліну прысуджаныя штрафы памерам 150 тарыфных ставак кожнаму. У пераліку на беларускія грошы такі штраф складае паўтара мільёна рублёў. Сваё рашэньне судзьдзя Сьвятлана Туфан аргумэнтавала тым, што спадары Краўцоў ды Бакулін сёлета ўжо другі раз прыцягнутыя да судовае адказнасьці за ўдзел у несанкцыяваных акцыях.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства