viasna on patreon

Палітвязню Зміцеру Паліенку не аддаюць паштоўкі

2018 2018-01-30T15:53:59+0300 2018-01-30T15:57:23+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/palienka123.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Дзмітрый Паліенка. Фота "Радыё Свабода"

Дзмітрый Паліенка. Фота "Радыё Свабода"

Як паведаміў сайту palitviazni.info актывіст Вячаслаў Касінераў, які лістуецца са Зміцерам Паліенкам, палітвязень не атрымаў дасланыя яму паштоўкі.

"Зміцер паведамляе, што зараз асаблівага ціску з боку адміністрацыі калоніі на яго няма. Але ёсць іншая праблема. Яшчэ ў мінулым годзе мы зладзілі акцыю па падтрымцы палітвязня і заклікалі ўсіх, хто мае жаданне падтрымаць Зміцера маральна, пісаць яму лісты. Дык вось дакладна вядома, што з тых 150 паштовак, што былі дасланы Паліенку, ніводная з іх не дайшла”, - кажа Вячаслаў Касінераў.

Са слоў суразмоўцы, лісты даходзяць вельмі кепска, і асабіста ён апошнім часам вымушаны дасылаць карэспандэнцыю з замовай.

“У такім выпадку можна дакладна прасачыць, што лісты паступілі ў калонію, – дадае Вячаслаў. – Дарэчы, такая ж сітуацыя і ў хлопцаў, якія адбываюць пакаранне па “справе антыфашыстаў”. Напрыклад, месяцамі пошта “маўчыць”, а пасля мы пішам замоўны ліст, і яго аддаюць вязням. Відаць, у такім выпадку адміністрацыя разумее, што могуць пачацца скаргі, а таму лісты аддаюць па прызначэнні. Хаця і іх – з затрымкамі. Калі ж адпраўляеш па пошце звычайны ліст, тая ж адміністрацыя заўсёды можа спаслацца, што, маўляў, карэспандэнцыя “згубілася ў дарозе”.

Вячаслаў Касінераў дадае, што Зміцер Паліенка трымаецца бадзёра:

“Ён увогуле – пазітыўны чалавек. Распавёў, што адсвяткавалі Новы год па турэмных правілах – быў торт і іншыя прысмакі, можна было глядзець ноччу тэлевізар… І яшчэ – ён вельмі шмат чытае ў калоніі, а таму перадаем яму па магчымасці літаратуру”.

Нагадаем, Зміцер Паліенка – сацыяльны актывіст з Мінска. Нагодай для крымінальнага пераследу стаў ягоны ўдзел у мірным сходзе “Крытычная маса”, які адбываўся 29 красавіка 2016 г. у Мінску і быў гвалтоўна спынены міліцыяй.

12 кастрычніка 2016 года судом Цэнтральнага раёна г. Мінска прызнаны вінаватым у здзяйсненні злачынства, прадугледжанага артыкулам 364 Крымінальнага кодэкса (гвалт альбо пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўнікаў органаў унутраных справаў) і часткай 2 артыкула 343 КК (выраб і распаўсюд парнаграфічных матэрыялаў або прадметаў парнаграфічнага характару). Паводле прысуда, Зміцер Паліенка быў прыгавораны да двух гадоў пазбаўлення волі з адтэрміноўкай выканання пакарання на два гады.

7 красавіка 2017 года судом Заводскага раёна г. Мінска разгледжана прадстаўленне органа, які ажыццяўляе кантроль за паводзінамі асуджанага (хутчэй за ўсё, УУС Заводскага раёна), і адменена адтэрміноўка выканання пакарання. У сувязі з гэтым, без права на абскарджванне, актывіст падлягае накіраванню ў папраўчую калонію для адбыцця пакарання ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам на 1,5 гады (з улікам часу ўтрымання пад вартай да суду ў 2016 годзе).

Зміцеру Паліенку можна дасылаць лісты падтрымкі (лепш – замоўныя) па адрасе: 213800 Магілёўская вобласць, г.Бабруйск, вул.Сікорскага, 1. ПК-2, атрад № 9.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства