Кент Харстэд заклікаў улады Беларусі актывізаваць намаганні па правядзенні выбарчых рэформаў
Як паведамляе БелаПАН, спецпрадстаўнік Парламенцкай асамблеі АБСЕ па Усходняй Еўропе Кент Харстэд шкадуе, што працэс рэфармавання выбарчага заканадаўства Беларусі не прасоўваецца наперад, і заклікае беларускія ўлады актывізаваць намаганні па правядзенні рэформаў. Пра гэта гаворыцца ў паведамленні прэс-службы ПА АБСЕ, распаўсюджаным па выніках трохдзённага візіту Харстэда ў Беларусь.
Візіт праходзіў 22—24 студзеня. Харстэд сустрэўся ў Мінску з Аляксандрам Лукашэнкам, старшынёй Палаты прадстаўнікоў Уладзімірам Андрэйчанкам, міністрам замежных спраў Уладзімірам Макеем, кіраўніком Цэнтрвыбаркама Лідзіяй Ярмошынай, прадстаўнікамі апазіцыі, грамадзянскай супольнасці і дыпламатычнага корпуса.
Спецпрадстаўнік ПА АБСЕ таксама наведаў Беларускую гандлёва-прамысловую палату, Парк высокіх тэхнолагі і Беларуска-кітайскі індустрыяльны парк "Вялікі камень".
"Сталіца Беларусі, Мінск, стала амаль сінонімам намаганняў па вырашэнні буйных міжнародных крызісаў, ці то крызіс ва Украіне альбо нагорна-карабахскі канфлікт. Улічваючы гэты міжнародны ўклад, я таксама заклікаю беларускія ўлады надаць прыярытэтную ўвагу дэмакратычным рэформам, якія забяспечаць поўны ўдзел усіх беларусаў у дзейнасці органаў улады", — цытуе прэс-служба Харстэда.
Кент Харстэд, які з'яўляўся спецыяльным каардынатарам місій кароткатэрміновых назіральнікаў на апошніх парламенцкіх і прэзідэнцкіх выбарах у Беларусі, выказаў шкадаванне з нагоды таго, што працэс рэформы выбарчага заканадаўства ў Беларусі не прасоўваецца наперад.
"Я расчараваны, што шмат чаго не зроблена для правядзення такой неабходнай выбарчай рэформы, і заклікаю актывізаваць намаганні для таго, каб выбары ў 2020 годзе праводзіліся ў адпаведнасці з новым і палепшаным заканадаўствам", — сказаў спецпрадстаўнік.
Ён заклікаў ЦВК актывізаваць намаганні па выкананні рэкамендацый, зробленых Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека АБСЕ па выніках выбараў.
У інтэрв'ю Таццяне Каравянковай, апублікаваным у інтэрнэт-газеце Naviny.by, Кент Харстед паведаміў, што тэма невыканання Беларуссю рэкамендацый АБСЕ па паляпшэнні выбарчага заканадаўства стане часткай справаздачы па выніках яго візіту ў краіну. "Справаздача будзе адпраўлены ўсім 56 краінам-сябрам Парламенцкай асамблеі АБСЕ. І гэтая тэма будзе абмяркоўвацца, таму што моцна напружвае тое, што працэс па змене выбарчага заканадаўства, ініцыяваны самімі ўладамі, зараз затух. Для многіх гэта выглядае дрэнна і відавочна не служыць інтарэсам Беларусі".
Пры гэтым Харстэд адзначыў, што ў апошнія гады супрацоўніцтва Беларусі з АБСЕ прасоўвалася як у колькасных, так і ў якасных адносінах.
"Беларусь уносіць значны ўклад у намаганні па падтрыманні міру ў Еўропе і АБСЕ праз правядзенне розных міжнародных мерапрыемстваў, у тым ліку мінулагодняй парламенцкай сесіі АБСЕ (прайшла ў Мінску ў ліпені 2017 года. — БелаПАН.), — сказаў ён. — Як арганізацыя мы таксама хочам унесці свой уклад у развіццё Беларусі і падзяліцца нашым вопытам у сферах бяспекі, эканомікі, абароны навакольнага асяроддзя і правоў чалавека".
Харстэд таксама заклікаў беларускія ўлады працягнуць працу па пытанні адмены смяротнага пакарання.