viasna on patreon

У Палаты прадстаўнікоў няма жадання вырашыць праблему дыскрымінацыі адміністрацыйна арыштаваных  Дакумент

2018 2018-01-15T11:12:02+0300 2018-01-15T11:15:19+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/derhachou_1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабаронца Алесь Дзергачоў

Праваабаронца Алесь Дзергачоў

Рэгіянальны праваабаронца са Смаргоні Алесь Дзергачоў накіраваў у жніўні 2017 года зварот ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу з прапановаю ўнесці змены ў Працэсуальна-выканаўчы кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях (ПВКаАП), каб выключыць неабгрунтаваную дыскрымінацыю асобаў, якія падвяргаюцца адміністрацыйнаму арышту па пастановах судоў.

Сутнасць праблемы ў тым, што адміністрацыйна арыштаваныя асобы могуць абскардзіць пакаранне ў вышэйстаячы суд толькі ў 5-дзённы тэрмін, у той час як усе астатнія адміністрацыйныя пакаранні (акрамя дэпартацыі)  абскарджваюцца ў 10-дзённы тэрмін. Пры гэтым адміністрацыйна арыштаваныя не заўсёды маюць сродкі, каб аплаціць дзяржмыта па скарзе, атрымаць кансультацыю, наняць абаронцу і г.д.

У верасні з Палаты прадстаўнікоў паведамілі, што прапанова праваабаронцы будзе разгледжана ў бліжэйшы час з удзелам усіх зацікаўленых арганізацый. А 27 снежня праваабаронца атрымаў адказ за подпісам намесніка старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі  Валянціна Ражанца.  Ён  паведамляе, што прапанова была дэталёва прапрацаваная з удзелам зацікаўленых дзяржаўных органаў (Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь, Генеральнай пракуратуры Рэспублікі Беларусь, Нацыянальнага цэнтра заканадаўства і прававых даследаванняў Рэспублікі Беларусь і інш.), аднак падтрымкі ні ў каго не знайшла.

Далей Валянцін Ражанец дадаў, што Пастаянная камісія лічыць, што нормы дзеючага заканадаўства ў дастатковай меры эфектыўныя і падстаў для змены існуючых падыходаў у прававым рэгуляванні закранутых пытанняў у цяперашні час не ўгледжваецца.

Алесь Дзергачоў выказвае меркаванне, што ў дадзеным выпадку Палата прадстаўнікоў падыйшла да праблемы не з прававога боку, а з палітычнага.

“Вядома, што зараз даволі шмат  актывістаў апазіцыйных партый і рухаў падвяргаюцца пакаранню ў выглядзе адміністрацыйнага арышту. І вельмі часта - у выніку лжэсведчанняў супрацоўнікаў міліцыі.  Таму ўлада не зацікаўлена, каб актывісты мелі магчымасць эфектыўна абараняцца” – кажа праваабаронца.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства